Пыл над Беларуссю: ці ёсць небяспека
2- 2.10.2024, 14:44
- 5,148
Адказвае навуковец.
Над Беларуссю зноў неспакойна. І не, на гэты раз гаворка не пра «Шахеды» і дым, а пра вялізныя аблокі пылу на ўсходзе краіны. На спадарожнікавых картах бачна, што яны накрылі не толькі Беларусь, але і Украіну.
Еўрарадыё разам з навукоўцам-хімікам Сяргеем Бесарабам паспрабавала разабрацца, адкуль узяўся гэты пыл, чым ён небяспечны і ці будуць такія буры паўтарацца ў будучыні (здаецца, так).
Пыл з Каспія
З улікам змянення надвор'я такія з'явы зараз не рэдкасць. Бесараб кажа, што сёлета пыльныя буры ўжо назіраліся ў сакавіку-красавіку, і тады яны ішлі з пустыні Сахара.
- Зараз жа пыл ляціць з тэрыторыі Казахстана, многія кажуць, што гэты пыл - з Прыкаспійскай нізіны. Фактычна гэта пясок або пылападобныя фракцыі глебы, якія існавалі на засушлівых і напаўзасушлівых тэрыторыях, потым іх проста падняло ў атмасферу моцным ветрам і панесла далей. У цэлым такая з'ява называецца пустынны пыл, але ў гэтым выпадку гэта хутчэй перанос мінералізаваных глеб з незасеяных разараных земляў каля Каспія.
Астма, бранхіт і сілікоз
Калі паветра забруджанае часціцамі PM-10 і PM-2,5 [часціцы таго ці іншага рэчыва дыяметрам ад 10 да 2,5 мікраметра і менш. -заўв.] - гэта заўсёды небяспечна.
Са словах навукоўца, часцей за ўсё мяркуецца, што ўдыханне гэтых дробных часціц становіцца прычынай астмы і бранхіту, а таксама можа абвастрыць гэтыя захворванні, калі яны калісьці былі. Бесараб нагадвае, што з пылам у паветры могуць быць звязаныя і раздражненні скуры, і захворванні вачэй. Існуе нават такі тэрмін, як "пустынная ліхаманка".
А яшчэ, напрыклад, у шматлікіх афрыканскіх краінах існуе шчыльная ўзаемасувязь паміж пылавымі масамі ў паветры і менінгітам.
- Калі такая сітуацыя доўжыцца тыднямі і чалавек ходзіць без рэспіратара, то ёсць небяспека нават сілікозу. Часцей гэта прафесійнае захворванне, якое фіксуецца ў людзей, якія працуюць з дробнадысперсным пясчаным пылам.
Пясок на 80-90% складаецца з аксіду крэмнію, у якога тэкстура крышталя мае ламаную форму. Калі такія нанааскепкі трапляюць у лёгкія, то, па-першае, яны пашкоджваюць жывыя тканкі, па-другое, выклікаюць запаленчы эфект, а ў выніку - разрастанне ў лёгкіх злучальнай, так званай фібрознай, тканкі, якое не здольнае ўспрымаць кісларод.
Гэта значыць, чалавеку з сілікозам становіцца ўсё складаней дыхаць, узрастае рызыка захварэць на туберкулёз, бранхіт і нават на рак.
Горш за ўсё тое, што сілікоз незваротны і невылечны без трансплантацыі лёгкіх.
У выпадку пылавых бур, асабліва калі яны нясуць пыл з тэрыторый, дзе знаходзяцца радовішчы кварцавага пяску, пагроза даволі відавочная.
Таксама Бесараб мяркуе, што з дробнабяспечнымі часціцамі можа пераносіцца і вялікая колькасць іншых забруджвальных рэчываў.
- Гэта могуць быць споры грыбкоў, нейкія бактэрыі, цяжкія металы, пестыцыды (улічваючы, што каля Каспія вядзецца гаспадарчая дзейнасць). Гэта ўсё можа паднімацца і з паветрам несціся да нас. Гэта значыць спектр небяспекі вельмі шырокі, пачынаючы з таксікалагічных варыянтаў і заканчваючы біялагічнымі. Гэта, безумоўна, дастаткова адчувальная рэспіраторная пагроза.
Хто ў зоне рызыкі?
У асноўнай зоне рызыкі, паводле слоў навукоўца, людзі з аслабленым імунітэтам у параўнанні з сярэднестатыстычным здаровым чалавекам. Гэта найперш дзеці і людзі сталага веку.
- Вядома, у асноўнай актыўнай часткі насельніцтва, 30-40 гадоў, нашмат меншая верагоднасць захварэць з-за пылавой буры. Але, зноў жа, з-за каранавіруса зараз у многіх імунітэт аслаблены, таму спадзявацца на поспех не мае сэнсу. Нават маладым трэба быць асцярожнымі.
Патрэбны дождж
Колькі яшчэ гэты пыл будзе стаяць у паветры, невядома. Але каб аблокі сышлі, трэба... каб пайшоў дождж.
- Гэты пыл - стабільны аэразоль, і каб ён разбурыўся, патрэбны дождж. Вось калі вясной 2024 года ва Украіне была бура з Сахары - усё асела, калі пайшоў дождж. Таму гэта найпрасцейшы варыянт.
Бур будзе больш
Паводле слоў Бесараба, зараз мяняецца геаграфія моцных пясчаных бур - яны ўсё часцей будуць узнікаць ва ўмовах сярэдняга клімату.
- Гэта будзе такая ж дадзенасць, як лясныя і тарфяныя пажары. Вось ва Украіне гэта ўжо другая бура за год. Канешне, да Беларусі далятала менш, але далятала. І калі ў наступны раз бура будзе мацнейшай, то даляціць яшчэ больш. З гэтым ужо давядзецца жыць. Таму так, колькасць гэтых бур будзе толькі павялічвацца, і, магчыма, павялічыцца іх інтэнсіўнасць.
Ці то вірус, радыяцыя або пясчаная бура - абараніцца ад іх можна з дапамогай спецыяльнага рэспіратара, супрацьпылавой маскі або акуляраў з антыфог-пакрыццём.
Хімік упэўнены, што гэта базавы набор для кожнага чалавека.