2 кастрычнiка 2024, Серада, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WSJ: Савудаўская Арабія пагражае разбурыць эканоміку Расеі

7
WSJ: Савудаўская Арабія пагражае разбурыць эканоміку Расеі

Краіна можа знізіць кошты нафты да 50 даляраў за барэль.

Кошты нафты могуць знізіцца да 50 даляраў за барэль, калі краіны-сябры ОРЕС+, у тым ліку і Расея, не будуць выконваць дамоўленасці аб абмежаванні вытворчасці.

Пра гэта заявіў міністр энэргетыкі Савудаўскай Арабіі Абдэльазіз бін Салман, паведамляе The Wall Street Journal.

Як адзначае выданне, іншыя вытворцы зразумелі гэта як утоеную пагрозу і гатоўнасць каралеўства пачаць коштавую вайну, каб захаваць сваю дзель на рынку.

Ключавыя чальцы Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты і іх хаўруснікі разам вядомыя як ОРЕС+ сёння павінны абмеркаваць гэта на анлайн-сустрэчы.

Пасля запуску Іранам ракет па Ізраілю кошту нафты выраслі пасля тыдняў стабільнага паніжэння. Так, кошт нафты маркі Brent вырас на 5%, але нарэшце стабілізаваўся на 2,4% вышэй, крыху ніжэй за 70 даляраў за барэль.

Адзначаецца, што Захад занепакоены тым, што вайна на Блізкім Усходзе можа перашкодзіць нафтаваму экспарту ў Персідскай затоцы, што прывядзе да росту коштаў.

Аднак геапалітычная напружанасць працягваецца ўжо некалькі месяцаў без адчувальнага ўплыву на кошты нафты, і гэта засмучае савудаўскіх чыноўнікаў. Гэта часткова звязанае з тым, што іншыя чальцы картэля не прытрымліваліся планаў абмежавання вытворчасці большай часткі гэтага года.

Падчас тэлефоннай канферэнцыі на мінулым тыдні міністр энэргетыкі Савудаўскай Арабіі папярэдзіў іншых вытворцаў, што кошты могуць абрынуцца да 50 даляраў за барэль, калі яны не выканаюць узгодненыя скарачэнні вытворчасці.

Ён асабліва адзначыў Ірак, які ў жніўні перавысіў квоты на 400 тысяч барэляў на дзень, і Казахстан, які плануе павялічыць вытворчасць дзякуючы аднаўленню працы нафтавага радовішча Тэнгіз са здабычай 720 тысяч барэляў на дзень.

Са слоў аднаго з дэлегатаў, якія прысутнічалі на канферэнцыі, міністр энэргетыкі Савудаўскай Арабіі заявіў, што «няма сэнсу дадаваць больш барэляў, калі для іх няма месца на рынку».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках