У канфіскаце Гомеля з'явіўся люксавы абутак: Кошты шакуюць
14- 2.10.2024, 20:01
- 17,490
Наведвальнікі крамы бачаць на цэтліках свой заробак.
У адным з канфіскатаў Гомеля можна набыць шлапакі D&G і красоўкі Gucci. Кошты такія, што людзі жартуюць: некаторыя наведвальнікі крамы бачаць на цэтліках свой заробак.
Відэа з крамы «Ваш выбар» з'явілася ў ціктоку пад гукі «Наступны прыпынак: Рэспубліканскі псіхіятрычны шпіталь. Канцавы». Відаць, што на вітрыне стаіць брэндавы абутак – шлапакі D&G за 820 рублёў, красоўкі Gucci за 900 рублёў, кеды Philipp Plein за 571 рубель, паведамляе «Наша Нiва».
За кадрам смяецца жанчына, а аўтар відэа здзіўляецца:
– Пачакайце, гэта беларускі канфіскат. Гэта моцна.
За пяць дзён ролік набраў 767 тысячаў праглядаў і больш за 15 тысячаў лайкаў. А ў каментарах пачалася дыскусія, ці могуць быць такія кошты ў краме, калі дзяржава атрымала рэчы бясплатна. Тым больш, набываючы тавар у канфіскаце, чалавек застаецца без гарантыі і нават не можа быць упэўнены, што атрымаў сапраўды брэндавую рэч, а не танную падробку.
Дарэчы, на сайце konfiskat.by можна пабачыць, што ў гомельскім канфіскаце прадаюць і даражэйшыя рэчы. Напрыклад, жаночыя курткі Prada за 6515 рублёў ці Rindi (указана, што ў апошнім выпадку краіна-вытворца невядомая) за 3064 рублі, паліто Burberry ў розных колерах за 5075 рублёў. Мужчынам прапануюць цёмна-сіні пінжак Celine за 2915 рублёў, пухавік Baldinini за 2324 рублі.
Таксама ёсць абутак значна даражэйшы за той, які ўбачыў на вітрынах карыстальнік TikTok. Напрыклад, прапануюцца жаночыя красоўкі Hermes, кошт якіх набліжаецца да 4 тысячаў рублёў, выдзіманыя боты Gucci & Balenciaga за 3344 рублі або боты Foster за 2822 рублі.
Нагадаем: сетка крамаў «Ваш выбар» прадае тавары, якія былі канфіскаваныя – гэта можа быць як кантрабанда з мяжы, так і маёмасць, арыштаваная ў рамках крымінальных справаў. Пасля 2020 года былі выпадкі, калі ў такіх крамах знаходзілі рэчы, канфіскаваныя ў палітвязняў.