Spiegel: Удар Ірана па Ізраілі, верагодна, стаў найбуйнейшым нападам балістычнымі ракетамі ў гісторыі
- 2.10.2024, 20:56
- 6,220
Тэгеран выкарыстаў блізу 200 ракетаў.
Масаваная ракетная атака Ірана супраць Ізраіля з выкарыстаннем да 200 ракетаў, верагодна, стане найбуйнейшым нападам балістычнымі ракетамі ў гісторыі. У некаторых месцах Іран здолеў пераадолець шматслойную супрацьракетную абарону Ізраіля.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле нямецкага выдання Spiegel.
Выданне адзначае, што падчас масаванага нападу сама менш дзясятак ракетаў патрапілі ў базу ВПС Неватым каля горада Беэр-Шэва, дзе дыслакуецца флот F-35. Аднак пакуль невядома, ці былі знішчаныя або пашкоджаныя адны з самых сучасных самалётаў-няўгледак.
У іншых месцах Іран таксама здолеў пераадолець шматслойную супрацьракетную абарону Ізраіля, сцвярджае выданне.
«Верагодна, яны вынеслі ўрок з красавіцкіх нападаў і на гэты раз паспадзяваліся на балістычныя ракеты», – кажа ваенны эксперт Фабіян Гінц з Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Гэтыя ракеты лётаюць значна хутчэй, чым крылатыя ракеты або беспілотнікі-камікадзэ, і таму патрабуюць меншага часу для рэакцыі ізраільцянаў.
Паводле словаў Гінца, атака з выкарыстаннем да 200 ракетаў, верагодна, «стане найбуйнейшай атакай балістычнымі ракетамі ў гісторыі».
Паводле звестак Ірана, упершыню была скарыстаная таксама Fatteh-1, якую Тэгеран апісвае як гіпергукавую ракету.
«Fatteh-1 не з'яўляецца гіпергукавой ракетай у класічным разуменні, але яна мае некаторыя характарыстыкі, якія робяць яе больш жывучай», – адзначае выданне.
Паводле словаў Гінца, рухальныя часткі зброі, якія ўпалі ў Ізраілі, сведчаць, што Іран таксама выкарыстоўваў іншыя новыя ракеты. Сярод іх Kheibar Shekan, які мае радыус дзеяння 1450 кіламетраў.
Падобна да Fatteh-1, ён мае манеўраны корпус для вяртання ў атмасферу, якім можна кіраваць пры вяртанні ў атмасферу Зямлі і прызначаны для таго, каб абхітрыць сродкі супрацьпаветранай абароны. Дзякуючы высокай хуткасці абедзве ракеты могуць дасягнуць Ізраіля з Ірана ўсяго за некалькі хвілінаў.
«Масаваная атака, здаецца, адолела супрацьракетную абарону. У цэлым Іран мае не менш за 3000 балістычных ракетаў. Таму Ізраіль павінен быць гатовы да таго, што ён больш не непаражальны да такіх нападаў, асабліва калі Хезбала і хусіты прыйдуць з уласнымі арсеналамі», – сцвярджае выданне.