Паўночнакарэйцы ўцякаюць з расейскага войска: з'явіліся падрабязнасці
30- 21.10.2024, 14:30
- 61,268
Уцёкі зафіксаваныя ў Курскай вобласці РФ.
18 вайскоўцаў Паўночнай Карэі спрабавалі ўцячы з расейскіх пазіцый у Курскай вобласці, аднак акупанты затрымалі іх у Камарыцкім раёне Бранскай вобласці. Цяпер іх могуць выкарыстаць у штурмавых дзеяннях супраць УСУ.
Аб гэтым NV паведамілі інфармаваныя крыніцы ў спецслужбах.
Блізу 40 вайсковых інструктараў з Паўночнай Карэі разам з паўсотняй расейскіх акупантаў знаходзіліся на пазіцыях у лесе ў раёне Калячак Хамутаўскага раёна Курскай вобласці.
Са звестак суразмоўцы рэдакцыі, паўночнакарэйцы ажыццяўлялі навучанне расейскіх вайскоўцаў у выкарыстанні паветраных куль у вайсковых мэтах. А вайскоўцы РФ навучалі прадстаўнікоў Паўночнай Карэі вядзенню сучаснага пяхотнага бою з выкарыстаннем досведу так званай «СВА».
Пасля заканчэння курса навучання вайскоўцаў Паўночнай Карэі пакінулі ў лясным масіве ў раёне Калячак Хамутоўскага раёна на некалькі дзён без ежы і ўказанняў наконт далейшых планаў і намераў. А 14 кастрычніка частка паўночнакарэйцаў надумала самавольна пакінуць пазіцыі з мэтай пошуку камандавання Узброеных сілаў РФ.
Праз два дні, 16 кастрычніка зніклых з пазіцый вайскоўцаў знайшлі і затрымалі расейскія акупанты. Адлегласць ад месца ўцёкаў складала амаль 60 км.
Крыніцы NV адзначаюць, што зараз усіх 40 вайскоўцаў КНДР, якія знаходзіліся на пазіцыях у Хамутоўскім раёне, перамясцілі ў Льгоўскі раён Курскай вобласці для далейшага задзейнічання ў штурмавых дзеяннях у Курскай вобласці.