У Беларусі пашырылі спіс месцаў, дзе можна легальна гнаць самагонку
14- 22.10.2024, 16:38
- 7,176
«У мэтах узнаўлення паўнаты традыцый».
У Беларусі дапоўнілі пералік юрыдычных асоб, якія могуць вырабляць арыгінальны алкаголь «у мэтах узнаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый». Цяпер у спісе 27 пунктаў - гэта вынікае з пастановы саўміна, апублікаванай 22 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, адзначае «Зеркало».
У пералік юрыдычных асоб з правам на вытворчасць «арыгінальных алкагольных напояў» дадалі наступныя:
- дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Стаўбцоўскі лясгас»;
- дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Прыпяцкі»;
- сялянская (фермерская) гаспадарка «СТАРТ МС»;
- ТАА «Славянская Карчма»;
- СТАА «ЭкаБел «Колбавічы».
Усяго ў спісе 27 пунктаў. У тым ліку нацпарк «Белавежская пушча», гаспадарка «Вялікае княства Сула», комплексы «Дукорскі маёнтак» і «Дудуткі». Пералік дазваляе вырабляць традыцыйныя беларускія алкагольныя напоі - самагонку, розныя тыпы налівак, настоек і гэтак далей.
Апошні раз спіс дапаўняўся ў студзені 2023-га. Тады туды, зрэшты, дадалі Валожынскі лясгас і гаспадарку Анатоля Юніцкага, які шмат гадоў прасоўвае свой «струнны транспарт».
Пералік з'явіўся ў канцы 2005 года, у ім пералічваюцца юрыдычныя асобы, якія займаюцца вытворчасцю «арыгінальных алкагольных напояў у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках, іншых аб'ектах Рэспублікі Беларусь у мэтах узнаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый». Першапачаткова ў дакуменце былі дзве такія лакацыі - «Белавежская пушча» і «Дудуткі».