Беларуска загінула ў чаканні ДАІ на трасе пад Асіповічамі
15- 22.10.2024, 18:53
- 23,770
Жанчына засталася ў аўтамабілі пасля дробнага ДТЗ.
У Асіповіцкім раёне ў ДТЗ загінула жанчына, паведамілі ў Следчым камітэце.
Смяротная аварыя здарылася ўдзень, 22 кастрычніка, на 77-м кіламетры аўтатрасы Менск — Гомель у межах Асіповіцкага раёна.
Першапачаткова 63-гадовы кіроўца «Лады», здзяйсняючы абгон, па датычнай сутыкнуўся з тросавай агароджай, якая падзяляе транспартныя струмені. Пасля дробнага ДТЗ мужчына выставіў знак аварыйнага прыпынення і патэлефанаваў у ДАІ.
У чаканні ДАІ кіроўца выйшаў з транспартнага сродку, а ў аўтамабілі засталася яго 63-гадовая жонка. У гэты момант 41-гадовы кіроўца «Пежо» пры манеўраванні сутыкнуўся з «Ладай», якая стаяла на праезнай частцы. Пасажырка, якая сядзела ў аўтамабілі на заднім сядзенні, памерла на месцы.
- Распачатая крымінальная справа праз парушэнне Правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса Беларусі), - пракаментавалі ў СК.