У Беларусі вывелі новы гатунак бульбы
18- 22.10.2024, 20:19
- 10,112
Яму далі незвычайную назву.
Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў бульбаводстве і плодаагародніцтве вывеў і зарэгістраваў новы гатунак бульбы.
У яго незвычайная назва – «вайлдбэрыз».
Пра тое, што ў свеце цяпер ёсць бульба ў гонар маркетплэйсу, расказала ў сваім Telegram-канале заснавальніца Wildberries Таццяна Кім. Такі падарунак, паводле ейных словаў, яна атрымала ад навукоўцаў з Беларусі на дзень нараджэння.
«Атрымала вельмі незвычайны падарунак ад Рэспублікі Беларусь. Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве вывеў і зарэгістраваў новы від бульбы – "вайлдбэрыз". І ён фіялетавы!» – з захапленнем напісала Кім.
На сертыфікаце напісана, што новы гатунак бульбы валодае высокай патэнцыйнай ураджайнасцю – ад 50 т з 1 га. Ён таксама вылучаецца вялікім утрыманнем крухмалу – да 18,9%.
У характарыстыках бульбы пазначаныя добрыя смакавыя якасці, а таксама прызначэнне – сталовы гатунак для здаровага (функцыянальнага) харчавання.
Кім абяцала падумаць, каб «паспрабаваць вырошчваць яго ў прамысловых маштабах».
Ці можна будзе калі-небудзь набыць фіялетавую бульбу з Беларусі праз Wildberries, заснавальніца гандлёвай пляцоўкі не сказала.