Беларусь страціла яшчэ адно месца ў Рэйтынгу вяршэнства права
1- 23.10.2024, 9:13
- 2,284
Замыкае рэйтынг Венесуэла.
Беларусь заняла 105 месца ў Рэйтынгу вяршэнства права, які штогод складаецца World Justice Porject. У параўнанні з папярэдняй версіяй рэйтынгу наша краіна страціла адну пазіцыю.
Пры фармаванні рэйтынгу ўлічваюцца восем паказчыкаў: ад абмежавання паўнамоцтваў уладаў, адкрытасці ўрада да ацэнкі грамадзянскага і крымінальнага правасуддзя. Найгоршыя пазіцыі ў Беларусі ў частцы абмежавання паўнамоцтваў улады (138 месца са 142 краін), адкрытасці ўрада (134 месцаў), фундаментальных правоў (129 месца). Найлепшыя пазіцыі - у паказчыку "парадак і бяспека" (39 месца).
Рэзкае падзенне пазіцый Беларусі ў рэйтынгу адбылося пасля вынікаў 2020 года. У рэйтынгу-2021 наша краіна апусцілася адразу з 68 на 97-е месца. Найлепшы вынік быў у Беларусі ў 2015 годзе, тады яе паставілі на 48 месца.
Расея заняла ў рэйтынгу гэтага года 113 месца, Украіна - 88, Польшча - 33, Літва - 18, а Латвія -21.
Рэйтынг узначаліла сёлета Данія, на другім месцы - Нарвегія, на трэцім - Фінляндыя. Таксама ў першую дзясятку ўваходзяць Швэцыя, Нямеччына, Новая Зеландыя, Люксембург, Нідэрланды, Ірландыя і Эстонія.
Замыкае рэйтынг Венесуэла, крыху вышэй за яе знаходзяцца Камбоджа, Афганістан, Гаіці, М'янма і Нікарагуа.