У Менску таксіст зламаў руку пасажыру
23- 23.10.2024, 17:28
- 13,946
Падалося, што маладзён гучна бразнуў дзвярыма.
У Менску кіроўца таксоўкі па неасцярожнасці зламаў руку пасажыру. Перад гэтым у мужчын здарылася сварка ў салоне таксі, пасля чаго пасажыр папрасіў спыніць аўто і выйшаў. Таксісту здалося, што маладзён гучна бразнуў дзвярыма, таму ён выйшаў следам і ўдарыў пасажыра па назе, ад чаго той упаў на асфальт. У хлопца дыягнаставалі пералом рукі. Аб інцыдэнце распавялі ў пракуратуры Партызанскага раёна. Аб гэтым піша «Минск-Новости».
Паведамляецца аб тым, што ў суд была накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да 44-гадовага жыхара Слуцка, якога абвінавачваюць «у прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці».
Мужчына працаваў кіроўцам у таксі. У той дзень яму паступіла замова на перавозку хлопца і дзяўчыны на вуліцу Мірашнічэнкі. Падчас паездкі кіроўца спытаў у пасажыраў, колькі ў іх грошай, і атрымаў адказ: «Дастаткова». Узнікла сварка, у выніку якой хлопец папрасіў спыніць аўтамабіль. Пасажыры выйшлі з аўто на вуліцы Радыяльнай, але кіроўца падаўся за імі, думаючы, што пасажыры гучна грукнулі дзвярыма. Падышоўшы да хлопца, ён абразіў яго і ўдарыў па назе, праз што той страціў раўнавагу і ўпаў. Пасля гэтага кіроўца з'ехаў.
Увечары кіроўцу патэлефанавалі з міліцыі. Выявілася, у 18-гадовага юнака быў дыягнаставаны пералом рукі, у сувязі з чым ён напісаў заяву. У дачыненні да жыхара Слуцка распачалі крымінальную справу.
Паведамляецца, што абвінавачаны раней меў праблемы з законам. Віну мужчына не прызнаў. У дачыненні да яго была ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.