28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль адклаў удары па Іране праз выцек дакументаў

Ізраіль адклаў удары па Іране праз выцек дакументаў

Выцек адбыўся ў ЗША.

Ізраіль прыняў пастанову адкласці ўдар па Іране пасля выцеку патэнцыйна важнай вайсковай інфармацыі з ЗША на мінулым тыдні, піша The Times.

Дакумент быў апублікаваны ў праіранскім тэлеграм-канале Middle East Spectator 18 кастрычніка. Паводле гэтых звестак, Ізраіль ладзіўся атакаваць Іран ракетамі "Golden Horizon" і "Rocks".

"Rocks" — гэта далёкая ракета класа "паветра-паверхня", якую можна выпускаць са знішчальнікаў F-16 або F-35, "Golden Horizon" — балістычная ракета з далёкасцю блізу 1900 кіламэтраў.

«Выцек амэрыканскіх дакументаў затрымаў атаку праз патрэбу змяніць пэўныя стратэгіі ды кампанэнты. Адказ будзе, але на гэта спатрэбіцца больш часу, чым планавалася», — расказала выданню крыніца ў ізраільскай выведцы.

Паводле ягоных слоў, ЦАХАЛ распрацоўвае альтэрнатыўны план атакі. У выцеку не згадваюцца канкрэтныя цэлі, але ЗША перасцерагалі Ізраіль ад удараў па ядзернай інфраструктуры або нафтавай прамысловасці Ірана. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньягу запэўніваў ЗША, што адказ будзе засяроджаны на вайсковых аб'ектах. За імаверныя цэлі ўважаюць Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і яго падраздзяленні.

Паводле выдання, расследаваннем выцеку займаецца ФБР. Пэнтагон зняпраўдзіў паведамленні аб тым, што асноўным падазраваным у расследаванні з'яўляецца супрацоўніца іранскага паходжання Арыянэ Табатабаі, якая працуе ў амэрыканскім вайсковым міністэрстве. Нэтаньягу на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам заяўляў, што атака "Хезбалага" на ягоны дом з'яўляецца "значным пытаннем, якое нельга ігнараваць". Ён падкрэсліў неабходнасць аб'яднаць намаганні ЗША і Ізраіля супраць Ірана.

«Мы падтрымліваем Ізраіль і заўсёды будзем падтрымліваць яго права на абарону. Таксама вельмі важна, каб Ізраіль адказваў так, каб не дапусціць далейшай эскалацыі і не рызыкаваць распаўсюджваннем канфлікту», — казаў Блінкен.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках