У Расеі «затанула» праграма будаўніцтва арктычнага флоту
2- 24.10.2024, 20:06
- 5,718
Грандыёзным планам Крамля не наканавана здзейсніцца.
Расейскія ўлады будавалі грандыёзныя планы ў пашырэнні эксплуатацыі Паўночнага марскога шляху (ПМШ). Але рэалізаваць іх не атрымаецца: з неабходных да канца дзесяцігоддзя 70 караблёў лядовага класу ўдасца пабудаваць менш за чвэрць, прызнаў намеснік старшыні ўраду Юрый Трутнеў, паведамляе The Moscow Times.
«Пры дэфіцыце грузавога флоту лядовага класу не менш за 70 караблёў магутнасць расейскіх верфяў дазваляе пабудаваць да 2030 года толькі 16», – гаворыцца ў выступе Трутнева, які таксама з'яўляецца паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта РФ у Далёкаўсходняй федэральнай акрузе, на стратэгічнай сесіі ў пытаннях развіцця Арктычнай зоны Расеі (цытата паводле ТАСС). Хоць, паводле словаў Трутнева, «цікавасць шэрагу краінаў да ПМШ, іх жаданне атрымаць магчымасць бесперашкодных перавозак уздоўж трасы... становяцца ўсё больш ярка выяўленымі», высокі кошт крэдытаў, неабходнасць задзейнічаць значныя рэсурсы «Расатама» для фінансавання будаўніцтва новых ледаколаў «робяць тарыфы на ледакольнае суправаджэнне неканкурэнтаздольнымі».
Раставанне льдоў у выніку глабальнага пацяплення палягчае навігацыю па ПМШ, таму ўлады спадзяваліся давесці аб'ём перавозак да 2035 г. да 220 млн тонаў. У 2023 г. гэты лік склаў 36,3 млн тонаў, што ўжо ніжэй за ранейшую ацэнку ўраду (46,8 млн). Сёлета, як чакаецца, перавозкі складуць 40 млн, у 2,3 разы менш за прагназаваныя 90 млн тонаў.
ПМШ прапануе значна карацейшы маршрут у Азію, чым у абыход Еўропы і праз Суэцкі канал (не кажучы ўжо пра рэйсы вакол Афрыкі, якімі шматлікія транспартныя караблі змушаныя хадзіць сёлета праз абстрэлы, ладжаныя еменскімі хусітамі ў Чырвоным моры). Значную частку грузаў, як меркавалася, будуць складаць нафта і звадкаваны прыродны газ; гэта асабліва актуальна ў святле развіцця ЗПГ-праектаў у Арктыцы і санкцый, якія вымусілі Расею пераарыентаваць пастаўкі нафты з Еўропы на Кітай і Індыю і якія з наступнага года забароняць ажыццяўляць перавалку ЗПГ у еўрапейскіх партах. Дадатковыя прыбыткі за транзіт прынесла б транспартаванне грузаў паміж Еўропай і Кітаем, які вельмі зацікаўлены ў павелічэнні паставак па ПМШ.
Але заходнія санкцыі, уведзеныя ў адказ на развязаную Уладзімірам Пуціным вайну ва Украіне, замарудзілі засваенне арктычных радовішчаў, пазбавілі Расею магчымасці заказваць і набываць замежныя караблі і падарвалі вытворчасць уласных.
«Далейшы рост паставак па Паўночным марскім шляху залежыць як ад наяўнасці танкераў лядовага класу, так і ад прагрэсу ў рэалізацыі арктычных праектаў», – сказаў Bloomberg Віктар Курылаў, старэйшы аналітык у нафтавых рынках Rystad Energy. Між тым гіганцкі праект «Раснафты» «Усход-ойл» практычна не рэалізуецца (што, праўда, не можа не радаваць эколагаў). А на «Арктык ЗПГ 2» «Наватэка», які трапіў пад санкцыі, пастанавілі пакуль не будаваць трэцюю вытворчую лінію, перанёсшы тэрмін яе ўводу ў эксплуатацыю з 2026 на 2028 гг. Другую лінію даставілі да будучага месца працы ў жніўні 2024 г., але незразумела, ці будзе яна рабіць газ і нават калі так, ці атрымаецца яго вывозіць. «Наватэк» з пачатку года не можа, як планаваў, пачаць экспарт з «Арктык ЗПГ 2».
Паводле ацэнкі кансалтынгавай кампаніі «Якаў і партнёры» (да вайны – расейскае падраздзяленне McKinsey), цяпер у Расеі блізу 100 караблёў лядовага класу, здольных перавозіць арктычныя грузы. Але толькі 27 з іх, уключаючы 15 ЗПГ і сем нафтавых танкераў, а таксама пяць кантэйнеравозаў, адносяцца да класу Arc6 або Arc7, які дазваляе ажыццяўляць круглагодную навігацыю.
Нястача караблёў прымусіла «Наватэк» выправіць у верасні па ПМШ два старыя танкеры не лядовага класу ў адчайнай спробе пераадолець санкцыі ЗША. Пры гэтым караблі нават не атрымалі на гэта дазволу ад «Галоўпаўночмаршляху».
Санкцыі не дазволілі «Арктык ЗПГ 2» атрымаць караблі лядовага класу, заказаныя ў Паўднёвай Карэі. Расейская верф «Зорка» спусціла на ваду тры з прызначаных для праекту 15 ЗПГ-танкераў, але толькі адзін з іх пакуль гатовы да выпрабаванняў. Пры гэтым першы танкер меркавалася даць «Арктык ЗПГ 2» яшчэ ў сакавіку 2023 г.
А будаўніцтва караблёў для «Усход-ойл» нават не пачыналася.