28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спалохаўся ўводу войск NATO

23
Лукашэнка спалохаўся ўводу войск NATO

Дыктатар паспрабаваў зрабіць «крайнім» Пуціна.

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што беларускія войскі не будуць ваяваць ва Украіне. Ён заявіў, што ўцягванне ў вайну Беларусі стала б «шляхам да эскалацыі», якое прывяло б да размяшчэння войск NATO ва Украіне.

Таксама Лукашэнка сказаў, што Расея нібыта не мае патрэбы ў фронце ўзмацнення ў выглядзе паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, а іх размяшчэнне не адпавядае інтарэсам РФ. На заявы беларускага дыктатара звярнулі ўвагу ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW).

У адказе на пытанне ВПС наконт паведамленняў аб прыцягненні Масквой вайскоўцаў з КНДР Лукашэнка назваў гэтыя паведамленні «дурнотай». Ён заявіў, што Пуцін нібыта «ніколі не будзе спрабаваць пераканаць» іншую дзяржаву прыцягнуць яе войска ў вайне Расеі ва Украіне, і што размяшчэнне ўзброеных сіл усякай дзяржавы - уключаючы Беларусь - на лініі фронту ва Украіне было б «крокам да эскалацыі» вайны.

«Ведаючы яго характар, Пуцін ніколі не будзе спрабаваць пераканаць іншую краіну прыцягнуць сваё войска да спецаперацыі Расеі ва Украіне. Калі б на лініі сутыкнення знаходзіліся ўзброеныя сілы ўсякай краіны, нават Беларусі, гэта б стала крокам да эскалацыі канфлікту. Нават калі б мы ўступілі ў вайну, гэта быў бы шлях да эскалацыі. Таму што вы, англасаксы, адразу б сказалі, што з аднаго боку ўмяшалася іншая краіна...таму ва Украіну будуць уведзеныя войскі NATO», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі дыктатар таксама працягнуў адмаўляць дачыненне Беларусі да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, якое адбывалася, дарэчы, і з тэрыторыі гэтай дзяржавы.

Ён заявіў, што не даваў дазволу на выкарыстанне беларускай тэрыторыі расейскімі войскамі і што ў прымежных з Украінай раёнах якраз скончыліся «вучэнні» і пачаўся адвод расейскіх войск. А па дарозе, паводле версіі Лукашэнкі, яны збочылі ва Украіну - з прычыны «правакацыі».

«Праходзілі вучэнні, у якіх удзельнічалі некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў. Пуцін пачаў адводзіць гэтыя войскі з таго месца, дзе яны знаходзіліся на поўдні Беларусі, уніз па дарозе, уздоўж мяжы з Украінай. У нейкі момант ён перанакіраваў частку гэтых войск на Кіеў. Я ўпэўнены, што іх справакавалі. Пуцін вызначае, як ён завядзе свае войскі. Праз Кіеў. Ці ён мог прайсці праз Менск», - заявіў Лукашэнка.

У той самы час, дыктатар дадаў, што не цікавіўся ў Пуціна тым, што адбывалася ў апошнія дні лютага 2022 года, расейскі дыктатар таксама не тэлефанаваў у Менск.

«Ён мне не званіў. І я яму не тэлефанаваў. Гэта ягоныя войскі, і ён мае права выводзіць іх усякім спосабам», – заявіў Лукашэнка.

У той самы дзень, дадалі ў ISW, Лукашэнка таксама даў інтэрв’ю расейскаму прапагандысцкаму тэлеканалу «Расея 1». Там ён казаў пра тое, што Крамлю ці расейскаму войску нібыта не патрэбная дапамога паўночнакарэйскіх войскаў. Бо расейскіх сіл на фронце, маўляў, цалкам дастаткова, да таго ж у РФ ёсць значны мабілізацыйны рэсурс.

Таксама Лукашэнка заявіў, што Масква нібыта разумее, што размяшчэнне паўночнакарэйскіх сіл у вайне было б «непажаданым для Расеі» і паўтарыў тэзу, што на такі крок з боку Крамля Захад адкажа адпраўкай войск NATO ва Украіну.

Зрэшты, такія сцвярджэнні спадабаліся не ўсім. Напрыклад, прапагандысты з крамлёўскага ТАСС пастанавілі не згадваць аб заяве Лукашэнкі аб тым, што прыцягненне войск КНДР у вайне супраць Украіны не адпавядае інтарэсам РФ, абмежаваўшыся цытаваннем яго слоў аб магчымым увядзенні войск NATO ва Украіну ў адказ на прыцягненне вайскоўцаў з КНДР.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках