28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве скарачаецца колькасць беларусаў з ДНЖ

У Літве скарачаецца колькасць беларусаў з ДНЖ

Раскрытыя звесткі.

Пасля падзей 2020 года беларусы пачалі актыўна пакідаць краіну. Другой паводле папулярнасці пасля Польшчы стала Літва, але ў апошнія месяцы колькасць грамадзян Беларусі там скарачаецца, адзначае «Наша ніва».

На піку літоўскі ДНЖ (усіх тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніны Беларусі. Так, паводле афіцыйных звестак літоўскага дэпартамента міграцыі, было на 1 красавіка 2024 года. Дагэтуль колькасць беларусаў у Літве з дзейнымі ДНЖ увесь час расла.

Цяпер колькасць беларусаў з літоўскімі ДНЖ скарацілася на паўтары тысячы чалавек. На 1 кастрычніка іх было 61 357 чалавек.

Для параўнання, у 2023 годзе прырост склаў крыху больш за 13 тысяч чалавек. Пікавым быў 2022 год, калі ў Літве прыбавілася амаль 18 тысяч грамадзян Беларусі з ДНЖ. За 2021 год дабавілася 7,6 тысячы беларусаў.

На 1 студзеня 2021 года ў Літве налічвалася 23 440 грамадзян Беларусі з дзейнымі ДНЖ. Атрымліваецца, што за гэты час колькасць беларусаў у Літве вырасла прыкладна ў 2,6 раза.

Колькасць беларусаў з СМЖ расце

Нягледзячы на тое, што агульная колькасць грамадзян Беларусі з ДНЖ у Літве пачала скарачацца, працягвае расці колькасць беларусаў са сталымі дазволамі на жыхарства.

Калі на 1 студзеня 2024 года іх было 3 537 чалавек, то на 1 кастрычніка – 3 707. Паводле стандартнай працэдуры СМЖ атрымліваюць праз 5 гадоў пражывання з часовым дазволам на жыхарства, такім чынам гэта беларусы, якія прыехалі ў Літву яшчэ да 2020 года.

Таксама характэрна, што ў Літве скарачаецца колькасць замежнікаў, якія легалізаваліся як высокакваліфікаваныя спецыялісты. Калі ў пачатку года трымальнікаў ДНЖ тыпу Blue Card было 6 256 чалавек, то на 1 кастрычніка засталося 6 002. Больш за 4 тысячы з іх — грамадзяне Беларусі.

Паралельна з гэтым расце колькасць трымальнікаў ДНЖ, выдадзеных на гуманітарных падставах – 2 496 чалавек у кастрычніку супраць 1 846 у пачатку года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках