28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: КНДР плануе адправіць у Расею дадатковыя войскі

1
Bloomberg: КНДР плануе адправіць у Расею дадатковыя войскі

Выведка Паўднёвай Карэі сочыць за працэсамі, звязанымі з перадыслакацыяй сіл.

Паўночная Карэя плануе накіраваць дадатковыя войскі ў Расею, паведамілі паўднёвакарэйскія выведныя крыніцы. Паводле іх звестак, першая група з 1500 элітных вайскоўцаў ужо праходзіць навучанне на Далёкім Усходзе Расеі як частка плана разгортвання блізу 10 000 жаўнераў з Паўночнай Карэі.

Гэтыя падраздзяленні прыбылі ва Уладзівасток паміж 8 і 13 кастрычніка, неўзабаве пасля першага візіту расейскіх вайсковых караблёў у Паўночную Карэю з 1990 года, піша Bloomberg (пераклад - «Уніян»).

Дакументы выведкі таксама дэталізуюць аб'ёмы паставак зброі з Паўночнай Карэі для падтрымкі расейскага войска. Са жніўня Пхеньян паставіў Расеі прыкладна 8 мільёнаў артылерыйскіх набояў калібраў 122 мм і 152 мм. Акрамя таго, на полі бою ва Украіне выяўлена блізу 100 ракет Хвасон-11 і супрацьтанкавая зброя Булсаі-4, што значна перавышае папярэднія еўрапейскія ацэнкі.

Выведка Паўднёвай Карэі падзялілася гэтай інфармацыяй з хаўруснікамі і плануе прадставіць частку звестак на пасяджэнні Паўночнаатлантычнай рады NATO. Паводле крыніц, пасля заканчэння вучэнняў ва Уладзівастоку, Хабараўску ды іншых гарадах Далёкага Усходу паўночнакарэйскія вайскоўцы будуць адпраўленыя на перадавую лінію ва Украіну. Крэмль забяспечыць іх узбраеннем, баявой уніформай і фальшывымі пасведчаннямі, каб выдаць за жыхароў усходніх рэгіёнаў Расеі.

Прэзідэнт Расеі Пуцін унікае шчырага адказу на пытанне аб вайсковай дапамозе Паўночнай Карэі, заявіўшы, што пытанне вайсковых стасункаў паміж дзвюма краінамі з'яўляецца "ўнутранай справай". Міністр абароны ЗША Лойд Остын пацвердзіў, што паўночнакарэйскія войскі ўжо знаходзяцца ў Расеі, а ўкраінская выведка дадала, што некаторыя з іх ужо дыслакаваныя ў Курскай вобласці.

Удзел паўночнакарэйскіх войскаў у баявых дзеяннях можа азначаць сур'ёзную эскалацыю, што, імаверна, прычыніцца да адказу з боку Паўднёвай Карэі. Паводле звестак паўднёвакарэйскай выведкі, толькі 30% надоечы выкарыстаных расейскіх баявых прыпасаў маюць расейскае паходжанне, тады як 60% — пастаўленыя Паўночнай Карэяй, а яшчэ 10% — Іранам.

Вайсковае супрацоўніцтва Расеі з Паўночнай Карэяй узмацнілася пасля таго, як у чэрвені Пуцін і Кім Чэн Ын падпісалі пагадненне аб стратэгічным партнёрстве, якое ўключае артыкул аб узаемнай абароне. Падчас саміту BRICS Пуцін пацвердзіў, што кантакт з Пхэньянам у выкананні гэтага артыкула працягваецца.

Падчас візіту Пуціна ў Пхэньян, першага за 24 гады, Кім Чэн Ын паабяцаў "безумоўную падтрымку" Расеі ў яе дзеяннях ва Украіне, а ў Расею ўжо было накіравана некалькі высокапастаўленых афіцэраў, у тым ліку трохзоркавы генерал сіл спецыяльных аперацый, які ўзначальвае элітны "Штармавы корпус" .

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках