УСУ рушылі наперад у Курскай і Данецкай абласцях
1- 25.10.2024, 18:12
- 13,370
Што адбываецца на фронце.
Украінскія воіны прасунуліся ў Курскай і Данецкай абласцях, прынамсі, паблізу Тарэцка і Пакроўска. Разам з тым фіксуецца прасоўванне расейскіх акупантаў каля Крамянной і Северска.
Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аперацыя УСУ ў Расеі
Украінскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Коранева ў межах галоўнага «ўкраінскага плацдарма» ў Курскай вобласці.
Геалакацыйныя кадры ад 24 кастрычніка паказваюць, што УСУ прасунуліся ўздоўж ракі Снагасці на поўнач ад Дар'іна і, магчыма, утрымліваюць пазіцыі ў Дар'іне і Нікалаеве-Дарыне (абодва на паўднёвы ўсход ад Коранева), гаворыцца ў справаздачы.
Расейскі «ваенкар» сцвярджаў, што войскі РФ нібыта прасунуліся ў раёне паміж Шаптукоўкай і Хітроўкай, і на захад ад Тоўстага Лугу ў кірунку Зялёнага Пуці. Аднак у ISW не знайшлі пацвярджэння гэтай заявы.
Расейскія блогеры распавядалі, што пуцінскія войскі кантралююць заходнюю палову Новаіванаўкі (на паўднёвы ўсход ад Коранева), а УСУ дзейнічаюць на ўсходняй ускраіне населенага пункта.
Расейскія крыніцы, уключаючы Мінабароны РФ, сцвярджалі, што ўкраінскія войскі атакавалі паўднёва-ўсход ад Коранева паблізу Дар'іна, Абухоўкі, Ніжняга Кліна, Любімаўкі, Зялёнага Пуці, Новаіванаўкі і на поўдзень ад Суджы паблізу Плехава.
Усход Украіны. Аперацыя РФ №1 - Харкаўская вобласць
24 кастрычніка расейскія захопнікі працягнулі наступальныя аперацыі на поўначы Харкаўскай вобласці, але прасоўвання не было.
Войскі РФ атакавалі каля Ваўчанска, Старыцы і Ціхага 23 і 24 кастрычніка.
24 кастрычніка расейскія «ваенкары» заявілі, што ўкраінскія войскі атакавалі паблізу н.п. Гацішча (на паўночны захад ад Ваўчанска).
Прадстаўнік брыгады УСУ, якая дзейнічае на Харкаўскім кірунку, 24 кастрычніка заявіў, што расейскія акупанты стварылі тут якасныя фартыфікацыйныя збудаванні, глыбока заглыбленыя ў зямлю, выкапаўшы «шмат'ярусныя ямы».
Таксама спікер распавёў, што захопнікі «даўно» не праводзілі механізаваных штурмаў на Харкаўскім кірунку, і адзначыў, што акупанты, магчыма, рыхтуюцца да наступлення зімы, каб змяніць абстаноўку на полі бою.
Прэс-сакратар брыгады УСУ паведаміў, што адсутнасць лісця зробіць актыўнасць на полі бою больш прыкметнай, што ўскладніць абарону тэрыторый.
Аперацыя РФ №2 - Луганская вобласць
Расейскія акупанты нядаўна прасунуліся на паўночны захад ад Крамянной. На геалакацыйных кадрах ад 24 кастрычніка бачны расейскі трыкалор у цэнтры Навасадава, што можа сведчыць аб тым, што войскі РФ захапілі пасёлак, гаворыцца ў справаздачы.
У Мінабароны РФ 22 кастрычніка заявілі аб захопе н.п. Навасадава.
Расейскі «ваенкар» сцвярджаў, што захоп Навасадава дазваляе пуцінскім войскам пачаць новыя наступальныя аперацыі на левым беразе ракі Жарабец, і сцвярджаў, што войскі РФ таксама нядаўна нібы адціснулі УСУ з Неўскага.
Акрамя таго, расейскія блогеры таксама сцвярджалі, што войскі РФ умацавалі пазіцыі ў Круглякоўцы і прасунуліся далей на ўсход ад Новасадовага, на захад ад Кіслоўкі і на поўдзень ад Макееўкі. Аднак у ISW не знайшлі пацвярджэння.
Расейскія захопнікі працягвалі наступаць ля Галубоўкі, каля Пясчанага, Круглякоўкі, Стэпавай Навасёлаўкі, Лазавой, Вішнёвага, Грэкаўкі, Наваміхайлаўкі, Дружалюбаўкі, Кацярынаўкі, Цвёрдахлебава, Тэрнаў, Торскага, Зарэчнага і каля Серабранкі.
Аперацыя РФ №3 - Данецкая вобласць
Расейскія акупанты нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Северска. Геалакацыйныя кадры ад 24 кастрычніка паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ўздоўж чыгуначнай лініі на паўднёвы ўсход ад Выемкі.
24 кастрычніка войскі РФ наступалі пад Часавым Ярам, але пасоўвання не было.
З паведамленняў, расейскія акупанты працягвалі атакаваць усходнюю частку Часава Яра, паблізу Грыгораўкі, каля Прадцечына, Белай Гары і Ступачак 23 і 24 кастрычніка.
Сілы абароны Украіны нядаўна аднавілі тактычныя пазіцыі ў цэнтры Тарэцка. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 і 23 кастрычніка, паказалі, што УСУ дзейнічаюць уздоўж вуліцы Дзяржынскага ў цэнтры Тарэцка, дзе эксперты ISW раней назіралі прасоўванне расейцаў.
Аналітыкі адзначаюць, што гэта паказвае на тое, што УСУ нядаўна аднавілі страчаныя пазіцыі ў гэтым раёне.
Расейская крыніца сцвярджала, што пуцінскія войскі прасунуліся ў паўднёвай частцы Шчарбінаўкі (на захад ад Тарэцка), але ў ISW не знайшлі візуальных довадаў.
23 і 24 кастрычніка войскі РФ працягвалі атакаваць пад Тарэцкам і паблізу Неліпаўкі.
Расейскія акупанты 24 кастрычніка працягвалі наступальныя дзеянні пад Сялідавым (паўднёвы ўсход ад Пакроўска) за кошт паўночнага флангу Пакроўска.
Расейскія крыніцы працягвалі сцвярджаць, што пуцінскія войскі прасунуліся далей у паўднёвай і цэнтральнай частцы Сялідава і ў палі на поўнач ад горада. Але ў ISW не назіралі візуальнага пацвярджэння гэтых сцвярджэнняў.
Украінскія вайскоўцы паведамілі для СМІ 24 кастрычніка, што расейскія акупанты кантралююць значную частку Сялідава, а адзін вайсковец УСУ заявіў, што захопнікі кантралююць прыкладна 85% горада.
Прадстаўнік Нацгвардыі Украіны Руслан Музычук не пацвердзіў гэтыя заявы, і адзначыў, што ўкраінскія сілы імкнуцца не даць вялікім расейскім групоўкам замацаваць пазіцыі ў раёне выхаду на гарадскую забудову, і спыніць наступ на паўночную і ўсходнюю ўскраіны Сялідава, у тым ліку з боку Міхайлаўкі.
У справаздачы паказваецца, што эксперты ISW не заўважылі візуальнага пацвярджэння заявы ўкраінскага вайскоўца аб маштабах расейскага прасоўвання ў Сялідаве.
24 кастрычніка прадстаўнік брыгады Нацгвардыі Украіны паведаміў, што паўночныя і ўсходнія ўскраіны Сялідава з'яўляюцца «шэрымі зонамі», і што ўкраінскія войскі стрымалі расейскае прасоўванне вакол горада пасля таго, як акупанты пачалі масаваныя атакі на пасёлак з розных кірункаў 21 кастрычніка.
Спікер дадаў, што пуцінскія войскі перакінулі свае часткі з паўночнага флангу Пакроўскага кірунку для ўзмацнення ўдараў па Сялідаве, і перакідваюць сярэднія групы для пранікнення на ўскраіны горада, а захоп яго разглядаюць як першачарговую задачу.
Таксама спікер адзначыў, што акупанты пачалі пяхотны штурм без механізаванай падтрымкі, што гэтыя штурмы сталіся эфектыўнымі праз пераважную колькасць расейскіх рэзерваў, засяроджаных у гэтым раёне, і што войскі РФ выкарыстоўвалі лепш падрыхтаваныя элементы пяхоты для пачатку другой хвалі нападаў на Сялідава.
Спікер дадаў, што войскі РФ таксама перадалі розныя тыпы сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), каб прадухіліць дзеянні ўкраінскіх выведвальных беспілотнікаў у Сялідаве, што, імаверна, спрыяла нядаўняму прасоўванні акупантаў у гэтым горадзе разам з расейскімі артылерыйскімі, авіяцыйнымі і ўдарамі кіраванымі бомбамі.
23 кастрычніка аналітыкі ISW ацанілі, што відавочная засяроджанасць расейскага вайсковага камандавання на забеспячэнні захопу Сялідава была ажыццёўленая за кошт здольнасці войск РФ падтрымліваць значнае наступленне непасрэдна на Пакроўск – аператыўную мэту, якую Крэмль сам вызначыў на гэтым адцінку фронту.
Паведамляецца, што нядаўна УСУ правялі паспяховую контратаку на паўночны ўсход ад Сялідава на фоне працягу расейскіх штурмаў на ўсход і паўднёвы ўсход ад Пакроўска 24 кастрычніка.
Геалакацыйныя кадры ад 23 і 24 кастрычніка паказваюць украінскую механізаваную контратаку паблізу Навагродаўскай шахты №1/3.
Расейскія крыніцы зрабілі непацверджаныя заявы аб тым, што пуцінскія войскі прасунуліся ў полі на поўдзень ад Сухога Яра, уздоўж чыгуначнага палатна ва ўсходняй частцы Вішнёвага, і дасягнулі наваколляў Новадзмітраўкі, увайшлі ў Новасялідаўку (на поўдзень ад Сялідава).
Расейскія акупанты працягвалі наступаць ля Міралюбаўкі, Новатарэцкага, Луча, Міхайлаўкі, Крутога Яра і Сухой Бэлькі, а таксама каля Навадзмітраўкі, Крамянной Бэлькі, Сялідава, Лісоўкі, Сухога Яра, Мікалаеўкі, Гарняка, Зорнага і Чырвонага Яра 23 і 24 кастрычніка.
24 кастрычніка расейскія захопнікі працягнулі наступ на Курахаўскім кірунку, але не рушылі наперад.
Паведамляецца, што войскі РФ атакавалі на ўсход ад Курахава каля Максімілянаўкі і на паўднёвы ўсход ад Курахава паблізу н.п. Вострага і Далёкага.
24 кастрычніка расейскія акупанты працягвалі наступальныя дзеянні пад Вуглядарам, але прасоўвання не мелі.
Расейскія блогеры сцвярджалі, што пуцінскія войскі нязначна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Богаяўленкі, хоць у ISW не знайшлі візуальнага пацвярджэння.
Войскі РФ працягвалі атакі паблізу Антонаўкі, Кацярынаўкі і Канстанцінаўкі, каля Богаяўленкі, Залатой Нівы і Новаўкраінкі 23 і 24 кастрычніка.
Ні ўкраінскія, ні расейскія крыніцы ISW не паведамлялі аб наземнай актыўнасці войск РФ у раёне адмінмяжы Данецкай і Запарожскай абласцей 24 кастрычніка.
«Паўднёвая вось»
23 і 24 кастрычніка расейскія акупанты працягвалі наступленне ў заходняй частцы Запарожскай вобласці на паўночны ўсход ад Рабоціна паблізу Новаданілаўкі, але пацверджаных зменаў на лініі фронту не было.
24 кастрычніка расейскі «ваенкар» заявіў, што нядаўняе прасоўванне расейцаў на Запарожскім кірунку можа сведчыць аб тым, што Масква можа найбліжэйшым часам даць прыярытэт наступальным аперацыям менавіта ў гэтым раёне.
«Ваенкар» сцвярджаў, што расейская групоўка сіл «Дняпро» нібыта стварыла некалькі новых брыгад у акупаванай частцы Херсонскай вобласці, і што войскі РФ могуць узмацніць наступальныя аперацыі на Запарожскім кірунку.
Расейскі блогер расказваў, што неабходнасць прасоўвання па адкрытых палях і пагаршэнне варункаў надвор'я ў Запарожскай вобласці могуць ускладніць аперацыі войск РФ на гэтым кірунку.
Іншы расейскі ваенкар 24 кастрычніка заявіў, што УСУ актывізуюць выкарыстанне FPV-беспілотнікаў, выведвальных дронаў і гексакоптараў для ўдараў па пазіцыях артылерыі РФ на Запарожскім кірунку.
24 кастрычніка Паўднёвае аператыўнае камандаванне УСУ паведаміла, што 23 кастрычніка ўкраінскія войскі нанеслі ўдар па расейскім зенітна-ракетным комплексе «Бук-М2» на поўдні краіны, а ўкраінскі журналіст паведаміў, што УСУ выкарысталі сістэму HIMARS для ўдару па гэтым «Буку» ворага.
У Генштабе УСУ 21 кастрычніка паведамлялі, што ў тую ноч украінскія войскі нанеслі ўдар па расейскім ЗРК «Бук-М3» прыкладна ў 60 км ад лініі сутыкнення ў нявызначаным раёне.
23 і 24 кастрычніка войскі РФ працягвалі атакаваць на левабярэжнай частцы Херсонскай вобласці, але прасоўвання не было.
24 кастрычніка расейскі «ваенкар» заявіў, што УСУ абмінуць пойму ракі Дняпро, каб перашкодзіць будучаму прасоўванню расейцаў на Херсонскім кірунку.
24 кастрычніка ў Мінабароны РФ заяўлялі аб знішчэнні 3 украінскіх беспілотнікаў над Чорным морам. А акупацыйны гаўляйтар Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што СПА быццам бы збіла ўкраінскую ракету над гэтым горадам.
24 кастрычніка прадстаўнік ВМС УСУ капітан трэцяга рангу Дзмітрый Плецянчук заявіў, што Чарнаморскі флот РФ занепакоены тым, што ўкраінскія сілы могуць нанесці ўдар па іх караблях у порце Наварасійска Краснадарскага краю, але ЧФ РФ не мае альтэрнатыўнага порта для размяшчэння сваіх суднаў у Чарнаморскім рэгіёне.
Таксама Плецянчук адзначыў, што некалькі расейскіх суднаў нядаўна масава выйшлі з расейскай базы ў Наварасійск, і што акупанты праводзяць сартаванне караблёў, каб абмежаваць рызыку магчымых удараў украінскіх беспілотнікаў і наступнага знішчэння караблёў ЧФ РФ.