28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Грузіі праходзяць лёсавызначальныя выбары ў парламент

7
У Грузіі праходзяць лёсавызначальныя выбары ў парламент

Вынікі вызначаць курс краіны на доўгія гады.

У Грузіі 26 кастрычніка праходзяць парламенцкія выбары, у ходзе якіх грамадзяне могуць вызначыць курс сваёй краіны на доўгія гады наперад. Паводле словаў прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ, гэтыя выбары ў сутнасці з'яўляюцца «рэферэндумам за вайну ці мір».

У сваю чаргу прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што яе могуць арыштаваць, калі прарасейская партыя «Грузінская мара» пераможа на парламенцкіх выбарах. Пра гэта яна заявіла тэлеканалу Mtavari.

Зурабішвілі прагаласавала адразу ж пасля адкрыцця выбарчых участкаў. Паводле ейных словаў, яна аддала свой голас за «новую Грузію, дзеля якой прыехала ў гэтую краіну 22 гады таму».

«Я прагаласавала за тую Грузію, за якую маліліся ўсе мае продкі, за якую моліцца ўся Грузія. Гэтай ноччу мы ўсе будзем пераможцамі. Ніхто не будзе засмучаны, таму што пераможа Грузія», – выказала ўпэўненасць прэзідэнтка Грузіі.

У той самы час напярэдадні выбараў Зурабішвілі спрагназавала, як будуць развівацца падзеі ў краіне, калі большасць галасоў выбарнікаў атрымае прарасейская партыя «Грузінская мара». Кіраўніца дзяржавы дапусціла, што ў такім выпадку ёй могуць абвясціць імпічмент і нават пасадзіць у турму. Пры гэтым Зурабішвілі падкрэсліла, што апазіцыйныя партыі могуць перамагчы «Грузінскую мару» супольнымі намаганнямі і стварыць кааліцыйны ўрад, калі яўка на выбарах будзе высокай.

Старшыня партыі «Грузінская мара» і дзейны прэм'ер Кабахідзэ заявіў, што грамадзяне краіны на выбарах будуць рабіць выбар «паміж дабром і злом, духоўнасцю і бязбожнасцю». Таксама ён выдаў, што ў выпадку перамогі ягонай партыі на парламенцкіх выбарах Грузіі гарантаваны бесперапынны мір цягам 12 гадоў.

«Гэта рэферэндум за вайну ці мір. “Грузінская мара” сёння з'яўляецца адзіным выбарам – сёння чалавек павінен прыйсці і зрабіць выбар паміж дабром і злом, духоўнасцю і бязбожнасцю. “Мара” – гэта гарантыя 12 гадоў бесперапыннага міру. У нас аптымістычны да 60% прагноз на вынікі выбараў. Я заклікаю апазіцыю прызнаць вынікі, абвешчаныя ЦВК і не паўтараць тое, што яны зрабілі ў 2022 годзе», – заявіў прэм'ер.

Варта адзначыць, што за выбарчым працэсам у Грузіі сочаць больш за 1700 назіральнікаў ад 76 міжнародных арганізацыяў. Упершыню на пераважнай колькасці выбарчых участкаў будзе спецыяльнае абсталяванне, якое адразу счытвае звесткі і праз планшэт перадае інфармацыю ў Цэнтрвыбаркам.

Нагадаем, шэраг грузінскіх тэлеканалаў атрымалі штрафы за адмовы трансляваць перадвыбарчы ролік партыі «Грузінская мара» з кадрамі разбураных у выніку вайны будынкаў ва Украіне. За адмову размяшчаць ролік кіроўнай партыі пакараныя грузінскія тэлеканалы «Формула», «Мтавары архі» і «TV Пірвелі».

Міністэрства замежных справаў Украіны адрэагавала на ўчынак кіроўнай партыі Грузіі, якая выкарыстоўвала фота вайны ва Украіне ў рамках перадвыбарнай агітацыі для запалохвання грамадзянаў супрацьстаяннем з РФ. Ва ўстанове заявілі, што гэта ганебная і нахабная спекуляцыя на горы ўкраінскага народа.

У сваю чаргу прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі расказала, што «Грузінская мара» выкарыстала кадры наступстваў расейскіх абстрэлаў Украіны для сваёй перадвыбарнай агітацыі і назвала гэты ўчынак ганебным.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках