Валер Карбалевіч: Лукашэнку варта было б насцярожыцца
2- 26.10.2024, 14:36
- 12,018
Масква будзе зыходзіць са сваіх інтарэсаў.
Расея прапануе афіцыйнаму Менску «дапамогу» ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» сітуацыі падчас прэзідэнцкіх «выбараў» 2025 года. Гэтая заява амбасадара РФ у Менску Барыса Грызлова ў інтэрв'ю РІА «Новости» нарабіла шмат шуму, піша палітолаг Валер Карбалевіч на «Позiрку».
Што б яна значыла?
Тут важна браць да ўвагі некалькі абставінаў. У выпадку нейкіх катаклізмаў Расея ўступіць у гульню толькі пры ўмове, што самі беларускія ўлады не справяцца з уціскам пратэстаў.
Другі момант. Калі ўзнікне сітуацыя, якая запатрабуе расейскага ўмяшання, невядома, у якім стане будзе знаходзіцца сама Расея, якім будзе міжнародны кантэкст, чым скончыцца вайна ва Украіне.
Нельга выключаць, што РФ будзе ў крызісе, як у 1990-я гады, калі фактычна цэлае дзесяцігоддзе яна развязвала ўнутраныя праблемы, толькі часам адрываючыся, млява адгукаючыся на праблемы ў так званым блізкім замежжы.
Менавіта гэтая акалічнасць дазволіла тады Беларусі адбыцца як суверэннай дзяржаве.
Таму не варта так ужо пужацца і чакаць расейскіх танкаў у найбліжэйшыя месяцы.
Але тут трэба мець на ўвазе і яшчэ адзін нюанс. Знешняе сілавое ўмяшанне можа паўплываць на сітуацыю ў краіне самым нечаканым чынам.
Увод войскаў АДКБ у Казахстан у студзені 2022 года дзейны прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў выкарыстаў, каб ліквідаваць двоеўладдзе, пазбавіўшы ўладных паўнамоцтваў былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева.
Успомнім той самы 2020 год. Першыя 7–10 дзён пасля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі Масква чакала, маўчала на афіцыйным узроўні. У гэты час расейскія федэральныя тэлеканалы захоўвалі нейтралітэт, даволі аб'ектыўна асвятлялі сітуацыю ў нашай краіне.
У Крамлі хацелі вызначыць, ці выстаіць Лукашэнка. І толькі калі ўбачылі, што ў самыя крытычныя дні беларускі кіраўнік утрымаўся, Расея ўстала на ягоную абарону. Пуцін абвясціў, што падраздзяленні Расгвардыі гатовыя прыехаць у Беларусь у выпадку ўзнікнення беспарадкаў.
Але і тут сілавая падтрымка Расея была не безумоўнай. Пуцін, мяркуючы з усяго, паставіў умову, якая была вельмі непрыемнай для Лукашэнкі. А менавіта: той павінен сысці датэрмінова, не адбыўшы да канца сваю новую пяцігадовую прэзідэнцкую кадэнцыю.
Нагадаем, 17 верасня 2020 года міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў даў тэлеканалу RTVI характэрнае інтэрв'ю, у якім заявіў:
«Сам Лукашэнка сказаў, што, магчыма, ён “заседзеўся”. <…> Як сказаў беларускі лідар, пасля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы абвясціць датэрмінова парламенцкія і прэзідэнцкія выбары».
Лукашэнку гэта вельмі не спадабалася, ён рабіў нейкія намёкі, але нічога не абяцаў. Пазней яму, трэба меркаваць, удалося пераканаць Пуціна адмовіцца ад свайго патрабавання. А з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны беларускі кіраўнік даказаў сваю вернасць Крамлю, і пытанне пра ягоны сыход было цалкам знятае з парадку дня.
Але асадак застаўся. І калі цяпер мы чуем, што Расея гатовая да сілавога ўмяшання ў беларускія справы, трэба памятаць той эпізод у жніўні – верасні 2020 года. Ён кажа пра тое, што Масква ў любым выпадку будзе зыходзіць са сваіх інтарэсаў, якія не заўсёды супадаюць з інтарэсамі самога Лукашэнку. І на ягоным месцы варта было б насцярожыцца.