NYT: У Курскую вобласць да панядзелка перакінуць пяць тысячаў «элітных» салдатаў КНДР
25- 26.10.2024, 15:29
- 10,010
Іх дастаўляюць з Уладзівастока на буйных транспартных самалётах Іл-76.
У Курскую вобласць да панядзелка, 28 кастрычніка, перакінуць 5 тысячаў салдатаў КНДР. Верагодна, гэта вайскоўцы з так званага «элітнага» падраздзялення.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
Як адзначаецца, у сераду, 23 кастрычніка, першыя паўночнакарэйскія войскі прыбылі ў Курскую вобласць. З таго часу салдатаў КНДР прадаўжаюць перакідваць. Як піша выданне, «тысячы вайскоўцаў прыбываюць кожны дзень».
Праінфармаваныя крыніцы ва Украіне заявілі, што да панядзелка, 28 кастрычніка, будзе сабрана блізу 5 тысячаў паўночнакарэйскіх войскаў у Курскай вобласці.
Паводле словаў суразмоўцы, войскі з'яўляюцца часткай элітнага падраздзялення Карэйскага народнага войска. Іх дастаўляюць з Уладзівастока на буйных транспартных самалётах Іл-76 на ваенны аэрадром на захадзе Расеі, а потым вязуць у зону баявых дзеянняў.
Цяпер войскі КНДР сканцэнтраваныя толькі ў Курскай вобласці.
Адзначаецца, што паўночнакарэйскія салдаты яшчэ не ўступілі ў бой. Пакуль незразумела, якую ролю яны будуць выконваць на фронце. NYT дадае, што незразумела, як вайскоўцы Паўночнай Карэі зменяць дынаміку на полі бою. Войскі КНДР не ўдзельнічалі ні ў адной вайне з 1950-х гадоў, таму ёсць пытанні пра магчымасці іхніх нават элітных падраздзяленняў.