28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: Спецназ КНДР насамрэч не спецназ, а праява паразы Пуціна

7
The Times: Спецназ КНДР насамрэч не спецназ, а праява паразы Пуціна

Цяпер нават Пхеньян можа мець справу з Масквой на роўных.

Расея можа выкарыстоўваць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў не для непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях, а хутчэй для тылавых аперацый. На перадавую накіруюць уласна расейскіх салдатаў, мяркуе прафесар Марк Галеоці ў матэрыял для The Times.

Ён адзначае, што прыбыццё паўночнакарэйскіх баявых атрадаў так званага элітнага XI корпусу, вядомага як «штурмавы корпус», на расейскі Далёкі Усход з'яўляецца значным паглыбленнем прыхільнасці Пхеньяна да Масквы, але не абавязкова азначае, што яны прызначаныя для бою.

Пры гэтым аўтар паказвае, што хоць паўночнакарэйскія вайскоўцы і носяць найменні спецыяльных сілаў, яны наўрад ці падобныя на марскую пяхоту, не кажучы ўжо пра галоўнае падраздзяленне Сілаў спецыяльных аперацый войска Вялікай Брытаніі.

«Яны больш “асаблівыя”, чым большасць з 950 000 звычайных вайскоўцаў Карэйскага народнага войска і ўважаюцца за фізічна цягавітых, дысцыплінаваных і добра вымуштраваных. Аднак у іх няма рэальнага баявога досведу, а вайна падкрэсліла, наколькі гэта важна», – гаворыцца ў матэрыяле.

Іх удзел у баявых дзеяннях таксама можа быць праблемным. Нягледзячы на тое, што частка жыхароў Паўночнай Карэі крыху гавораць па-расейску, рызыкі няправільнай трактоўкі і верагоднасці «сяброўскага агню» немалыя. Да таго ж 12 тысячаў вайскоўцаў, гэтая колькасць, якую Расея страчвае на полі бою кожныя дзесяць дзён параненымі і забітымі, таму наўрад ці гэта паўплывае на «арыфметыку вайны».

Аўтар адзначае, што насамрэч Кім Чэн Ын дапамагае Пуціну не з дабрыні, бо «ўсёабдымнае стратэгічнае партнёрства», ратыфікаванае расейскім парламентам у чацвер, абавязвае Маскву прапаноўваць прамую ваенную падтрымку Паўночнай Карэі ў выпадку нападу.

«Расеі даводзіцца плаціць за часта няякасныя снарады Паўночнай Карэі і, магчыма, такіх жа няякасных салдатаў не толькі харчаваннем і сыравінай, але і тэхналогіямі. Нават калі выключыць заявы, што Масква наўпрост дапамагае праграме ядзернай зброі Кіма, Расея дае свой досвед у ракетнай прамысловасці, авіяцыйных тэхналогіях і кібербяспецы», – гаворыцца ў матэрыяле.

Галеоці дадае, што размовы пра «смяротны» альянс паміж Кітаем, Расеяй і Паўночнай Карэяй з'яўляюцца перабольшаннем і прымяншаюць сур'ёзныя рознагалоссі паміж гэтымі нацыямі.

«Пуцін, безумоўна, шмат у чым стаў бенефіцыярам, паколькі многія краіны гатовыя заплюшчваць вочы на парушэнне санкцый, наймаць расейскіх наймітаў ці набываць танную нафту. Але гэта не робіць іх васаламі Расеі ці нават сапраўднымі яе хаўруснікамі. Гэта не больш за трансакцыйны працэс, і Пуцін не кантралюе яго», – паказвае ён.

Падтрымку сваіх хаўруснікаў Крамлю даводзіцца набываць. І калі для таго каб задобрыць Тэгеран, Маскве давялося разарваць стасункі з Ізраілем, то Пекін змог прымусіць Расею заключыць энэргетычныя дамовы на нявыгадных для яе ўмовах. І нават Пхеньян, які быў калісьці дзяржавай-парыяй, цяпер можа мець справу з Масквой на роўных.

У гэтых хаўрусах кожны найперш абапіраецца на ўласныя інтарэсы. І нават калі Пекін не хоча, каб Пуцін пацярпеў паразу ва Украіне, ён таксама не гатовы рызыкаваць другаснымі санкцыямі праз яго. Масква, аднак, адчайна спадзяецца, што Кітай ніколі не задзейнічае яе ў вайне супраць Тайваня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках