28 кастрычнiка 2024, панядзелак, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вызначаць пераможцу і калі абвесцяць вынікі: пяць тонкасцяў выбараў у ЗША

6
Як вызначаць пераможцу і калі абвесцяць вынікі: пяць тонкасцяў выбараў у ЗША

Вынікі выбараў у ЗША вызначаюць не звычайныя выбарцы.

У аўторак, 5 лістапада, у ЗША пройдуць выбары прэзідэнта, падчас якіх амерыканцы вызначаць, хто будзе кіраваць краінай наступныя чатыры гады.

Разлютаваная барацьба разгорнецца паміж кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, экс-прэзідэнтам Дональдам Трампам і кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, дзейным віцэ-прэзідэнтам Камалай Гарыс.

«Телеграф» распавядае пяць галоўных фактаў аб галоўнай палітычнай падзеі года.

Выбіраюць не толькі прэзідэнта

Ад кожнай партыі на выбары вылучаны «білет» з кандыдата ў прэзідэнты і кандыдата ў віцэ-прэзідэнты. Так што выбарцы аддаюць галасы адразу за абодвух.

Дональд Трамп сваім «напарнікам» абраў сенатара ад Агаё Джэй Ды Вэнса, а Камала Гарыс - губернатара ад Мінесоты Ціма Уолза.

Таксама ў першы аўторак лістапада амерыканцы будуць выбіраць на шасцігадовы тэрмін 34 са 100 чальцоў Сената ЗША, верхняй палаты Кангрэса.

Дадаткова, выбарцы ў кожнай з 435 выбарчых акруг краіны будуць выбіраць на два гады свайго прадстаўніка ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, ніжняй палаце Кангрэса.

Партыя з большасцю месцаў будзе кантраляваць адпаведную палату Кангрэса, які мае значны ўплыў на замежную палітыку Штатаў. У тым ліку і ў кантэксце дапамогі Украіне. Важна, каб у наступным складзе заканадаўчага органа захавалася двухпартыйная падтрымка Кіева.

Галасаванне ўжо пачалося

5 лістапада мільёны грамадзян прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць. Аднак больш за 20 мільёнаў амерыканцаў ужо скарысталіся магчымасцю датэрміновага галасавання. Гэта ў ЗША можна зрабіць праз пошту ці на загадзя адкрытых участках. Сёлета больш актыўна да афіцыйнага старту галасуюць выбарцы-дэмакраты.

Лёс выбараў вызначаць сем штатаў

Гаворка пра «хісткія» штаты (англ.: swing states). У іх традыцыйна падтрымка кандыдатаў ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый знаходзіцца на аднолькавым узроўні.

Ёсць традыцыйна «сінія» ці «чырвоныя» штаты, дзе людзі прагназавана галасуюць за дэмакратаў ці, адпаведна, рэспубліканцаў. Сярод «сініх» штатаў - Вермонт, Нью-Ёрк, Каліфорнія; сярод «чырвоных» - Ваёмінг, Арканзас, Небраска.

Апошняе слова на выбарах у Амерыцы не за звычайнымі выбарцамі, а за калегіяй выбарцаў - прадстаўнікоў ад кожнага штата. Калі амерыканцы аддаюць свой голас на ўчастку, яны насамрэч галасуюць за выбарца, які ад іх імя падтрымлівае таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты.

Усяго па краіне 538 выбарцаў, і для перамогі кандыдату ў прэзідэнты патрабуецца падтрымка не менш як 270 з іх. Кожны штат налічвае столькі выбарцаў, колькі і чальцоў Кангрэса абрана ад яго. У Каліфорніі, напрыклад, 55 выбарцаў, у Аклахоме - 7, а ў Мантане - 3.

Стаўкі высокія, бо кандыдат з перавагай атрымлівае ўсе галасы выбарцаў ад таго ці іншага штата. У 2016 годзе Хілары Клінтан на 2,9 млн галасоў апярэдзіла Дональда Трампа ў агульным галасаванні, аднак саступіла яму па колькасці галасоў выбарцаў - 227 супраць 304.

«Хісткіх» штатаў налічваецца сем: Арызона, Джорджыя, Мічыган, Паўночная Караліна, Невада, Пенсільванія і Вісконсін. Уся ўвага будзе прыкаваная да вынікаў, якія будуць паступаць адтуль.

Пераможцу абвесцяць медыя

У Амерыцы менавіта СМІ паведамляюць, каго афіцыйныя асобы нарэшце абвесцяць пераможцам, хоць і не адыгрываюць афіцыйнай ролі ў вызначэнні прэзідэнта. Так працягваецца з 1848 года, калі агенцтва Associated Press (АР) абвясціла прэзідэнтам Захары Тэйлара.

Многія амерыканскія медыя-кампаніі ўваходзяць у Нацыянальны выбарчы пул, які выкарыстоўвае звесткі экзітполаў для падачы аператыўных абнаўленняў. Гэта каналы ABC, CBS, CNN, NBC і так далей.

Associated Press мае сваю сістэму AP VoteCast, на якую срадзяюцца такія медыі як Fox News, USA Today, Wall Street Journal. Метадалогія AP заснаваная на працы каманды аналітыкаў і даследнікаў.

- AP робіць аб'яву толькі тады, калі цалкам упэўненая ў перамозе - у самым простым разуменні, калі ў адстаючага кандыдата больш няма шляху да перамогі, - тлумачыць агенцтва.

Выбарчая гонка фактычна скончыцца ў ноч выбараў, аднак нярэдка для абвяшчэння выніку патрабуецца некалькі дзён, а ў рэдкіх выпадках - некалькі тыдняў. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года AP абвясціла Джо Байдэна пераможцам праз чатыры дні пасля дня выбараў - 7 лістапада. Нягледзячы на абскарджанне Дональдам Трампам вынікаў у штатах, дзе ён саступіў.

Аднак, афіцыйную пастанову аб абранні 47-га прэзідэнта ЗША раней згаданая калегія выбарцаў прыме ў снежні 2024 года. І ўжо 6 студзеня 2025 года сябры Кангрэса павінны сабрацца для канчатковага падліку галасоў выбарцаў.

Інаўгурацыя наступнага кіраўніка Белага дома намечаная на 20 студзеня 2025 года.

Якія рэйтынгі кандыдатаў

Цяпер дэмакратка Камала Гарыс апярэджвае рэспубліканца Дональда Трампа на чатыры пункты, 51% супраць 47%, паводле вынікаў агульнанацыянальнага апытання ABC/Ipsos, апублікаванага 27 кастрычніка.

У той жа час апытанне CBS/YouGov, апублікаваны ў той жа дзень, паказвае, што Гарыс апярэджвае з лікам 50% супраць 49%.

Апытанне Emerson College Polling, апублікаванае 26 кастрычніка, паказвае, што два кандыдаты маюць аднолькавы ўзровень падтрымкі на ўзроўні краіны - 49%.

Што да настрояў у сямі «хісткіх» штатах, то, паводле звестак 538 Project, сітуацыя наступная:

- Арызона: Дональд Трамп вядзе на 1,8%;

- Джорджыя: Трамп вядзе на 1,5%;

- Мічыган: Камала Гарыс вядзе на 0,4%;

- Невада: Трамп вядзе на 0,2%.

- Паўночная Караліна: Трамп вядзе на 1,3%;

- Пенсільванія: Трамп вядзе на 0,3%;

- Вісконсін: Гарыс вядзе на 0,2%.

Больш за ўсё галасоў выбарцаў кандыдату могуць прынесці штаты Пенсільванія (19), Джорджыя і Паўночная Караліна (па 16 кожны).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках