Прыхільнікі апазіцыі сабраліся на мітынг ля будынка парламента Грузіі
5- 28.10.2024, 19:02
- 6,098
Пратэстоўцы трымаюць сцягі Еўразвязу і Украіны.
У Грузіі прыхільнікі апазіцыі праводзяць мітынг супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, на якіх нібыта перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара».
Акцыя пратэсту праходзіць перад будынкам парламента ў Тбілісі. Некаторыя з прысутных трымаюць сцягі Еўразвязу і Украіны. Рух па праспекце Руставелі перацяты.
26 кастрычніка ў Грузіі адбыліся чарговыя выбары ў парламент. Па іх выніках большасць (53,92% галасоў) нібыта набрала «Грузінская мара», якая кіруе краінай 12 гадоў і якую апазіцыя абвінавачвае ў змене еўраінтэграцыйнага курсу на прарасейскі.
Акрамя таго, парог 5% для праходу ў парламент пераадолелі апазіцыйныя партыі. «Кааліцыя за перамены» набрала 11,03%, «Адзінства - Нацыянальны рух» - 10,16%, «Моцная Грузія - 8,81%, «За Грузію» - 7,77%.
Усе яны адмовіліся прызнаць вынікі галасавання. Супраць вынікаў выбараў выступіла і прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна разам з былым прэзідэнтам краіны Міхаілам Саакашвілі заклікалі да пратэстаў.