31 кастрычнiка 2024, Чацвер, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усе размаўляюць на расейскай? Не, не і яшчэ раз не»

50
«Усе размаўляюць на расейскай? Не, не і яшчэ раз не»

Расеец расказаў аб паездцы ў Беларусь.

Карэспандэнт рэгіянальнага партала Яраслаўскай вобласці Расеі YarNews разам з сябрамі надумаў правесці адпачынак у Беларусі і падзяліўся ўражаннямі аб паездцы.

У тэксце журналіст адразу адзначае, што Беларусь - яго першая замежная паездка за 11 гадоў, і што ў самым пачатку падарожжа ён быў цалкам упэўнены, што ўсё яшчэ знаходзіцца ў Расеі. Да першай сустрэчы з міліцыяй.

«Пры ўездзе ў Беларусь варта адразу забыцца, што можна перавышаць хуткасць на 20 кіламетраў. Не, тут толькі на 10, інакш штрафы. І, не сумнявайцеся, вас рана ці позна спыняць. Мы акурат апынуліся ў такой сітуацыі: перавысілі ненаўмысна. А ў выніку міліцыя спыніла нас зусім у іншай лакацыі. Пакуль мы чакалі сваёй чаргі, інспектары спынілі яшчэ пяць ці шэсць аўтамабіляў. Усе яны былі з расейскімі нумарамі», - распавядае расейскі журналіст.

Са слоў журналіста, калі ён прыехаў у Віцебск, то адчуў, што «гэты ўзорны сацыялістычны горад са сваімі тыповымі новабудоўлямі нібы муравейнікамі з вялікай адлегласцю паміж дамамі выклікае настальгію па апошніх гадах Савецкага Саюза», і адзначыў, што хоць Яраслаўль таксама называюць горадам шырокіх праспектаў, але «яму не параўнацца з прасторамі Віцебска і тым больш Менска».

Далей журналіст апісвае цяжкасці з расейскімі банкаўскімі карткамі, адзначаючы, што ў Беларусі іх нельга папоўніць, і таму давядзецца афармляць новую ў мясцовых банках або загадзя браць гатоўку.

Ён таксама заяўляе, што «кошты тавараў і паслуг у Менску прыкладна такія ж, як для турыста ў Санкт-Пецярбургу, і даражэйшыя, чым нават у Маскве». Пры гэтым ён хваліць беларускую кухню, архітэктурную разнастайнасць, а таксама зазначае, што некаторыя расейскія стэрэатыпы пра беларусаў не маюць ніякай сувязі з рэальнасцю.

«Ці праўда, што ўсе беларусы размаўляюць на расейскай? Не, не і яшчэ раз не. Усё залежыць толькі ад таго, дзе вы. За пару дзён у Віцебску я ні разу не чуў, каб нехта размаўляў не на расейскай. Затое ў Менску дастаткова часта нехта размаўляў менавіта на беларускай мове. Пры гэтым ёсць Берасце і Гародня, якія называюць «тэрыторыямі беларускай мовы». Дарэчы, усе дарожныя паказальнікі, таблічкі на будынках, значныя шыльды - на беларускай. І нейкіх моцных праблем з гэтым няма», - дзеліцца карэспандэнт YarNews.

Ён падкрэслівае, што «Беларусь, нягледзячы на сваю некаторую падобнасць на Расею, насамрэч, зусім іншая краіна са сваёй доўгай і старажытнай гісторыяй», з якой ён раіць чытачам пазнаёміцца бліжэй.

«І, насамрэч, чым далей у лес, тым больш будзе адрозненняў. Бо ўсё ж гэта краіна, якая раней была часткай Сярэднявечнай Еўропы. На тэрыторыі Беларусі шмат замкаў, а ў Менску захаваліся кварталы, якія выглядаюць як тыповыя вулачкі Прагі, Будапешта ці Варшавы. І я раю вам азнаёміцца з іміх бліжэй, пабываўшы хаця б на стандартнай агляднай экскурсіі», — падсумоўвае расейскі журналіст.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках