Расея ўдарыла ракетамі па жылых дамах у Крывым Розе і Харкаве
4- 29.10.2024, 9:16
- 2,632
Загінулі пяць чалавек.
Позна вечарам 28 кастрычніка расейскае войска нанесла ракетны ўдар па Крывым Розе ў Днепрапятроўскай вобласці Украіны. У выніку атакі быў амаль разбураны трохпавярховы жылы дом у шчыльнай гарадской забудове, паведаміў старшыня Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул.
«Ёсць загінулы. Гэта 39-гадовы мужчына. Спачуванні родным», - напісаў Вілкул у тэлеграм-канале. З яго звестак, яшчэ 12 чалавек атрымалі раненні, трое з іх знаходзяцца ў аперацыйных. У доме і размешчаных побач гаспадарчых пабудовах узнік пажар. Пашкоджанні атрымалі медыцынская ўстанова, газаправод і аўто, якія стаяць побач, удакладніў старшыня Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Таксама позна ўвечары 28 кастрычніка расейскае войска атакавала кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі цэнтр Харкава, паведаміў мэр горада Ігар Церахаў. Паводле інфармацыі Нацпаліцыі, пацярпелі дзевяць чалавек, сярод іх паліцыянт. Пашкоджанні атрымалі медыцынская ўстанова і адміністрацыйны будынак. Пасля гэтага, ужо ў ноч на 29 кастрычніка, удар ракетай-гібрыдам «Гром-Е1» прыпаў па прыватным сектары ў Засноўскім раёне: два дамы былі зруйнаваныя, а 19 былі пашкоджаны. Чатыры чалавекі загінулі пад заваламі.
«У апошнія дні вораг сканцэнтраваўся менавіта на тэрарыстычных ударах па Харкаву - б'е па жылых дамах, па нашых гістарычных помніках, па сімвалах горада, такіх, як «Дзяржпрам». Прашу ўсіх быць вельмі асцярожнымі і не ігнараваць сігналы паветранай трывогі», - адзначыў Церахаў.
За дзень да гэтага расейскае войска абстраляла цэнтр Херсона — два чалавекі загінулі, а яшчэ трое, у тым ліку дзіця, атрымалі раненні, паведамляў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Пад ударам быў і Харкаў, дзе ў выніку атакі па трох раёнах горада пацярпеў як мінімум 21 чалавек, сярод якіх ёсць дзіця.