«Сітуацыя складаецца сур'ёзная»: Паўднёвая Карэя адпраўляе ва Украіну дэлегацыю
2- 29.10.2024, 10:20
- 6,930
Праз размяшчэнне войск КНДР у РФ.
На гэтым тыдні паўднёвакарэйская дэлегацыя наведае Украіну, каб падзяліцца інфармацыяй аб адпраўцы войск Паўночнай Карэі ў Расею і абмеркаваць супрацоўніцтва паміж Сеулам і Кіевам.
Пра гэта падчас тэлефоннай размовы з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ заявіў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль, паведамляе агенцтва Yonhap.
Са слоў лідара Паўднёвай Карэі, у аўторак дэлегацыя мае намер правесці брыфінг для Камітэта ЕЗ у палітыцы і бяспецы, а затым наведаць Украіну, каб сустрэцца з прадстаўнікамі выведкі і абароны, абмяняцца інфармацыяй з поля бою і абмеркаваць супрацоўніцтва.
Таксама паведамляецца, што Юн Сок Ёль правёў размову з прэзідэнткай Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен, каб падзяліцца звесткамі аб перамяшчэнні войск КНДР і абмеркаваць супрацоўніцтва з ЕЗ.
«Сітуацыя складваецца сур'ёзная, бо фактычнае размяшчэнне паўночнакарэйскіх войск на лініі фронту ва Украіне можа адбыцца раней, чым чакалася», – заявіў Ёль.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі акцэнтаваў, што незаконнае ваеннае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй падрывае міжнародны парадак і нясе пагрозу як на Карэйскім паўвостраве, так і ва ўсім свеце.
Юн Сок Ёль таксама ўдакладніў, што Паўднёвая Карэя будзе ўжываць паэтапныя захады ў залежнасці ад развіцця расейска-паўночнакарэйскага ваеннага супрацоўніцтва.