Кіраўнік World Athletics: Беларускіх лёгкаатлетаў не будзе на міжнародных турнірах
4- 29.10.2024, 10:41
- 2,408
Нават без гімна і сцяга.
Кіраўнік Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі (World Athletics) Себасцьян Коў зноў выступіў супраць допуску беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі, паведамляе Камітэт Вярхоўнай рады Украіны ў пытаннях моладзі і спорту.
Падчас сустрэчы з прэзідэнткай Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны Вольгай Саладухай Коў пацвердзіў, што атлеты з Беларусі і Расеі застануцца па-за міжнароднымі лёгкаатлетычнымі мерапрыемствамі, незалежна ад таго, выступаюць яны пад нацыянальнымі або нейтральнымі сцягамі.
Себасцьян Коў узначальвае World Athletics з 2015 года. Пасля пастановы выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 8 снежня мінулага года, які дазволіў беларусам і расейцам удзельнічаць у Гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе (без гімна, сцяга і іншых атрубутаў нацыянальнай прыналежнасці), Коў заявіў, што яго арганізацыя не здыме забарону на ўдзел спартоўцаў з гэтых краін. У выніку беларускія лёгкаатлеты працягваюць знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.
Гэтая жорсткая пазіцыя выклікае незадаволенасць сярод чыноўнікаў у Беларусі. 18 кастрычніка міністр спорту Сяргей Кавальчук заклікаў чальцоў World Athletics разгледзець магчымасць імпічменту Коу, сцвярджаючы, што палітыка брытанскага функцыянера накіраваная на "разбурэнне алімпійскага руху".
Варта адзначыць, што Коў таксама з'яўляецца кандыдатам на пасаду прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта. Дзейны кіраўнік МАК Томас Бах ужо абвясціў аб сваім намеры пакінуць пасаду, а выбары адбудуцца ў сакавіку 2025 года.