Bloomberg: Кітай незадаволены Пуціным
1- 29.10.2024, 14:53
- 5,454
Крэмль стварыў Пекіну дадатковыя праблемы.
Адпраўка Паўночнай Карэяй тысяч вайскоўцаў у дапамогу Расеі ў яе вайне з Украінай прыцягнула ўвагу міжнароднай супольнасці і выклікала заклапочанасць у Кіеве і сярод заходніх хаўруснікаў. Аднак не толькі Украіна, ЗША і краіны Еўропы занепакоеныя дзеяннямі Пхеньяна, гэта таксама стала выклікам для Кітая, які з пачатку вайны заставаўся адным з найбуйных дыпламатычных прыхільнікаў Масквы.
Аб гэтым піша амерыканскае інфармацыйнае агенцтва Bloomberg.
Нягледзячы на падтрымку Расеі, Сі Цзіньпін у асноўным выконвае міжнародныя санкцыі і імкнецца пазбягаць наўпроставай вайсковай дапамогі, каб не абвастраць стасункі з ЗША.
Кітайскія ўлады пакуль не каментуюць адпраўку паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расею, што сведчыць аб незадаволенасці Пекіна гэтым крокам. Ва ўмовах, калі Кітай засяроджаны на аднаўленні сваёй эканомікі, дадатковыя геапалітычныя рызыкі з боку Кіма ствараюць для Пекіна складаныя ўмовы і новыя выклікі.
Наколькі Кітай пярэчыць таму, што ЗША навязваюць свету свае погляды, настолькі ж Пекіну не падабаецца, калі яго заганяе ў кут драбнейшы сусед, адзначана ў матэрыяле.