Мянчанка дамаглася маральнай кампенсацыі за няўстойлівы вазок
7- 29.10.2024, 16:25
- 3,568
Прадавец адмаўляўся вяртаць грошы.
Мянчанка набыла вазок за 1860 рублёў. Потым яна заўважыла яго няўстойлівасць, калі на ім замацаваць торбу, цяжэйшую за кілаграм, і паведаміла пра гэта прадаўцу. Той грошы не вярнуў і спаслаўся на выснову эксперта, што вытворчых дэфектаў няма.
Тады таварыства абароны правоў спажыўцоў пайшло ў суд у інтарэсах пакупніцы. Юрысты прасілі скасаваць дамову куплі-продажу і спагнаць з «Райдэр Шоп»:
– 1860 рублёў кошту вазка;
– 700 рублёў няўстойкі за пратэрміноўку вяртання грошай;
– 600 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды;
– 526,1 рубля выдаткаў у аплаце судовай экспертызы;
– 2540 рублёў выдаткаў грамадскага аб'яднання.
Суд патрабаванні задаволіў, але зменшыў няўстойку да 200 рублёў, а кампенсацыю маральнай шкоды – да 300 рублёў.
Адказніку давядзецца заплаціць 1860 рублёў штрафу (90% у мясцовы бюджэт і 10% на карысць грамадскага аб'яднання) і 458 рублёў дзяржмыты.
«З улікам ацэнкі прапанаваных доказаў, у тым ліку высновы эксперта, што эксплуатацыя набытага пазоўніцай дзіцячага вазка з гледзішча бяспекі недапушчальная, суд прыйшоў да высновы аб неналежнай якасці прададзенага пазоўніцы тавару, у сувязі з чым задаволіў яе патрабаванні аб скасаванні дамовы куплі-продажу і спагнанні з адказчыка выплачаных за тавар грошай», – гаворыцца ў матэрыялах суда.
Адказчык не пагадзіўся з гэтым і падаў апеляцыю, але пастанову пакінулі без змены, яна пачала законнае дзеянне.