Курс біткойна наблізіўся да гістарычнага максімуму
8- 29.10.2024, 20:18
- 3,376
З пачатку года крыптавалюта вырасла больш як на 70%.
Курс біткойна ў ноч на 29 кастрычніка дасягнуў адзнакі $70 тыс, абнавіўшы максімум з пачатку лета, а да 19-й гандляваўся ўжо вышэй за $72 тыс. – усяго на 2% ніжэй за фіксаваны рэкорд. 14 сакавіка 2024 года кошт першай крыптавалюты дасягнуў гістарычнага максімуму $73 777 у пары са стэйблкойнам USDT на найбуйнейшай у аб'ёмах гандлю крыптабіржы Binance.
Паводле звестак на 19:30 паводле Менска, біткойн гандлюецца за $72,6 пры капіталізацыі $1,43 трлн. У канцы траўня і пачатку чэрвеня курс біткойна ўжо набліжаўся да цяперашніх адзнак, але кожны раз не даходзіў да сакавіцкага рэкорду.
Сітуацыя на рынку гэтай восенню складаецца на карысць біткойна, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША на карысць крыптавалюты гуляе адкрытая падтрымка Дональда Трампа. Былы прэзідэнт у перадвыбарнай гонцы зрабіў стаўку ў тым ліку і на падтрымку крыптавалютнай супольнасці. Ён неаднаразова абяцаў падтрымку крыптабізнэсу ў сваёй публічнай рыторыцы, а ў канцы ліпеня выступіў на канферэнцыі Bitcoin 2024.
Мінулы верасень закрыўся для біткойна з рэкордным за 11 гадоў ростам: у традыцыйна стратны месяц для крыптавалюты яна падаражэла больш за на 7%. Потым у пачатку кастрычніка здарылася падзенне курсу да $60 тыс. на фоне абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе. Але нават нягледзячы на гэта, з пачатку традыцыйна ўдалага для крыптавалютаў кастрычніка біткойн вырас на 11%. За 15 гадоў існавання крыптавалюты ў бычыныя перыяды на рынку рэзкі рост курсу біткойна пачынаўся менавіта ў кастрычніку.
Гэтак імклівы рост біткойна прыводзіць да шматмільённых стратаў трэйдараў, якія ставяць на падзенне ягонага курсу. Паводле звестак аналітычнага сэрвісу Coinglass, які адсочвае ўгоды на буйных крыптабіржах ў рэальным часе, сума ліквідацый адкрытых угодаў трэйдараў-гульцоў на паніжэнне курсу біткойна наблізілася да $ 100 млн за мінулы дзень. Гэта значыць, што ім не хапіла сродкаў для падтрымання адкрытых пазіцыяў, калі рынак пайшоў супраць іх ставак. Усяго на крыптабіржах зафіксаваныя прымусовыя ліквідацыі ў шортах біткойна і іншых крыптавалютаў памерам больш за $180 млн у больш чым 60 тыс. карыстальнікаў.