Пуцін другі раз з пачатку года адрэпетаваў пачатак ядзернай вайны
10- 29.10.2024, 20:31
- 7,474
«Трэніроўка» ўключала ўсе кампаненты ядзернай трыяды.
Расейскія вайскоўцы другі раз з пачатку 2024 года правялі маштабныя вучэнні ва ўжыванні ядзернай зброі.
Як паведаміла ў аўторак Мінабароны РФ, «трэніроўка» ядзерных сілаў уключала ўсе кампаненты ядзернай трыяды і адбылася пад кіраўніцтва дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна.
Падчас вучэнняў быў адпрацаваны сцэнар паўнавартаснай ядзернай вайны: вораг наносіць удар па расейскай тэрыторыі, а УС РФ ажыццяўляюць «масаваны ядзерны ўдар» у адказ, заявіў кіраўнік Мінабароны РФ Андрэй Белавусаў.
Міжкантынентальная балістычная ракета «Ярс» была запушчаная з выпрабавальнага касмадрома «Плясецк», падбіўшы цэль на палігоне «Кура» на Камчатцы. З акваторыі Баранцава і Ахоцкага мораў атамныя падлодкі запусцілі балістычныя ракеты «Сінява» і «Булава», а стратэгічныя ракетаносцы Ту-95мс выканалі пускі крылатых ракетаў паветранага базавання. Задачы былі «выкананыя ў поўным аб'ёме», а ўсе ракеты «дасягнулі цэляў», падкрэслілі ў Мінабароны.
Папярэднія буйныя вучэнні ядзерных сілаў Расея праводзіла ў пачатку лета: супольна з вайскоўцам Беларусі адпрацоўваўся тактычны ядзерны ўдар з выкарыстаннем комплексаў, якія Масква перадала Менску ў 2023 годзе. Тлумачачы вучэнні, прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў звязваў іх з заявамі пра магчымую адпраўку войскаў NATO ва Украіну. Гэта «зусім новы віток эскалацыі напружанасці», які патрабуе «асаблівай увагі і асаблівых захадаў», казаў ён.
Каментуючы кастрычніцкія вучэнні, Пуцін заявіў, што выкарыстанне ядзернай зброі «з'яўляецца крайнім, выключным захадам гарантавання бяспекі».
Ён дадаў, што Расея плануе прадаўжаць мадэрнізацыю ядзерных сілаў, якія, паводле словаў прэзідэнта, ужо складаюцца на 94 адсоткі з сучаснай зброі. «Будзем планамерна пераводзіць РВСП (ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння – рэд.) на новыя ракетныя комплексы стацыянарнага і мабільнага базавання, якія ў параўнанні з папярэднімі пакаленнямі валодаюць больш высокай дакладнасцю, скарочаным часам падрыхтоўкі да пуску і, што вельмі важна, падвышанымі магчымасцямі ў пераадоленні сістэмаў супрацьракетнай абароны», – сказаў Пуцін.
Пуцін у першыя ж дні вайны з Украінай абвясціў пра перавод расейскіх ядзерных сілаў у «асаблівы рэжым» баявой варты, а праз паўгода прыгразіў скарыстаць «усе наяўныя сродкі» для абароны акупаваных тэрыторый Украіны. У пачатку 2023 года Пуцін абвясціў пра прыпыненне ўдзелу Расеі ў дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях з ЗША – апошнім двухбаковым пагадненні, якое засталося ад эпохі «разрадкі» і абмяжоўвала колькасць ядзерных боезарадаў у найбуйнейшых ядзерных дзяржаваў.
У чэрвені 2024 года Пуцін паведаміў, што Расея рыхтуецца змяніць ядзерную дактрыну, якая ў дзейнай рэдакцыі дазваляе выкарыстоўваць ядзерную зброю ў выпадку ядзернай пагрозы альбо «пагрозы існаванню дзяржаве». Будучы перагляд дактрыны звязаны з тым, што Захад разглядае магчымасць паніжэння парога ўжывання ядзернай зброі, а таксама распрацоўваюць выбуховыя ядзерныя прылады звышмалой магутнасці, казаў Пуцін.