Прэзідэнтка Грузіі заклікала Захад націснуць на кіроўную партыю
13- 29.10.2024, 21:34
- 2,998
Саламэ Зурабішвілі заявіла пра фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах.
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заклікала краіны Захаду сур'ёзна націснуць на кіроўную партыю «Грузінская мара» для перагляду вынікаў парламенцкіх выбараў, якія прайшлі.
«Калі ціск не будзе зроблены, гэта будзе азначаць, што Захад не зрабіў усё магчымае, каб паспрабаваць утрымаць Грузію на заходнім баку і ў еўрапейскай перспектыве», – адзначыла Зурабішвілі ў інтэрв'ю Грузінскай службе «Радыё Свабода».
Парламенцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле звестак ЦВК, перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара», якая набрала амаль 54% галасоў. У адпаведнасці з законамі Грузіі, гэтая партыя атрымлівае права аднаасобна сфармаваць урад. Пяціадсоткавы бар'ер пераадолелі чатыры апазіцыйныя партыі: «Кааліцыя за перамены», «Адзінства – Нацыянальны рух», «Моцная Грузія» і «Гахарыя за Грузію».
Зурабішвілі і апазіцыя заявілі, што блізу 300 тысячаў галасоў былі сфальсіфікаваныя на карысць кіроўнай партыі. Прэзідэнтка таксама адзначала расейскія наратывы, якія «Грузінская мара» выкарыстала ў сваёй перадвыбарнай кампаніі.
Прадстаўнікі АБСЕ заявілі, што выбарчы працэс у Грузіі не адпавядаў міжнародным дэмакратычным стандартам у дастатковай ступені. Арганізацыя адзначыла выпадкі подкупу галасоў, падвойнага галасавання, фізічнага гвалту і запалохвання. Пры гэтым факт прамых фальсіфікацый АБСЕ не пацвердзіла.
У сваім інтэрв'ю Радыё Свабода Зурабішвілі заявіла, што мясцовыя арганізацыі працуюць над зборам звестак для доказу парушэнняў на выбарах.
Разам з тым Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі 29 кастрычніка абвясціла пра пералік бюлетэняў на пяці ўчастках у кожнай выбарчай акрузе.
28 кастрычніка ў Тбілісі прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазіцыі, на якім Зурабішвілі заявіла, што размаўляла з лідарамі заходніх краінаў, і яны пагадзіліся з нелегітымнасцю выбараў.