Reuters: ЦРУ спляло агентурную сетку «пад носам» у Пуціна
- 3.10.2024, 9:23
- 6,268
І нацэлілася на Кітай.
Аперацыя ЦРУ ў вярбоўцы незадаволеных пуцінскім рэжымам расейцаў праз сацсеткі, мэсэнджары і даркнэт ідзе паспяхова. Замежная выведка ЗША пашырыць свае намаганні на іншыя аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку на Кітай, Іран і КНДР.
Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на словы прадстаўніка ЦРУ.
Са слоў суразмоўцы, намаганні амерыканскай выведкі на гэтым фронце ў РФ былі паспяховымі, ЦРУ адкрытае да супрацоўніцтва з людзьмі, якія пражываюць у іншых краінах з аўтарытарнымі рэжымамі.
Летась ЦРУ стварыла Telegram-канал, у якім падрабязна тлумачыла, як бяспечна звязацца з амерыканскай выведкай. Спачатку інструкцыі былі на англійскай і расейскай мовах.
Зараз на старонках выведкі ў розных сацсетках апублікаваныя аналагічныя інструкцыі на кітайскай, фарсі і карэйскай мовах. Так, у пісьмовых інструкцыях на кітайскай мове рэкамендавана звязвацца з ЦРУ праз яго афіцыйны сайт, выкарыстоўваючы надзейныя VPN ці сетку TOR. Патрэба ў выведвальных звестках расце па меры таго, як Пекін нарошчвае супрацоўніцтва з Масквой і Тэгеранам.
Пералічаныя аўтарытарныя рэжымы разглядаюць у выведвальнай супольнасці ЗША "цяжкімі мэтамі", паколькі ва ўрады гэтых краін складана пракрасціся.
У Іране амерыканскую выведку цікавіць яго ядзерная праграма, рост сувязяў з Крамлём і падтрымка проксі ў рэгіёне. У КНДР погляды ЦРУ таксама звернутыя на ядзерную праграму. Акрамя гэтага, мэтай выведкі з'яўляецца атрыманне інфармацыі аб пастаўках паўночнакарэйскай зброі ў РФ, якая выкарыстоўваецца Крамлём у вайне супраць Украіны.
Агенцтва зазначае, што пасольства РФ і іранская місія пры ААН не адказалі на запыт журналістаў пракаментаваць апісаную дзейнасць ЦРУ.