У менскай школе зафарбавалі выявы Купалы, Скарыны і Гусоўскага
21- 3.10.2024, 15:24
- 9,470
Замест іх зараз проста жоўтыя сцены.
У сталічнай школе зафарбавалі выявы на нацыянальную тэму. Не стала Купалы, Скарыны і Гусоўскага. Замест іх у сярэдняй школы №173 Менска зараз проста жоўтыя сцены.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Школа ў Заводскім раёне была пабудаваная ў 1987 годзе. Тады ж усярэдзіне была створаная серыя смелых для таго часу графіці, якія адлюстроўвалі сюжэты на тэмы нацыянальнай культуры і гісторыі.
На выявах можна ўбачыць сюжэты з паэмы «Курган» Янкі Купалы і «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, партрэтныя выявы самога Гусоўскага і першадрукара Францішка Скарыны і іншыя.
Усе яны былі зафарбаваныя ў снежні 2023 года, калі ў школе пачалі пазапланавы рамонт, прычым у сярэдзіне навучальнага года. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што ўлетку таго ж года праводзіўся ўжо планавы рамонт.
Былыя навучэнцы школы спадзяюцца, што выявы проста зафарбаваныя і пасля іх можна будзе аднавіць.