Пасёлак пад Менскам застаўся без маршрутак
5- 3.10.2024, 17:19
- 9,446
Дзяржперавозчыкі манапалізавалі кірунак і выцеснілі ўсіх канкурэнтаў.
Жыхары буйнога пасёлку пад Мінскам адчулі на сабе вынікі барацьбы беларускіх уладаў з «нелегальнымі маршрутчыкамі».
Жыхары Гарадзішча і суседніх пасёлкаў, размешчаных усяго за некалькі кіламетраў ад МКАД, скардзяцца, што дабірацца да Менска стала значна складаней: прыватныя маршруткі зніклі. Засталіся толькі дзяржаўныя аўтобусы, якія, з іх слоў, ходзяць вельмі рэдка.
Еўрарадыё надумала праверыць гэтую інфармацыю, паразмаўляла з мясцовымі жыхарамі і апытала дзяржаўных перавозчыкаў.
Маршрутак больш няма
Жыхарка Людміла (імя змененае) абураецца: некалькі тыдняў таму паміж Менскам і Гарадзішчам перасталі хадзіць маршруткі.
Яна расказала, што многім жыхарам цяпер даводзіцца далёка хадзіць ад сваіх дамоў да аўтобуснага прыпынку, а ў пасёлку жыве вельмі шмат людзей. Акрамя гэтага, жыхары вымушаны выходзіць з дому на 20-30 хвілін раней.
Плюс, мяркуючы з усяго, ёсць праблема ў тым, каб вярнуцца з Менска ўвечары. Людміла расказвае, што яе суседу даводзіцца ездзіць на аўтамабілі, каб забраць сына, хоць раней ён ездзіў на маршрутцы.
Мясцовыя кажуць, што спачатку з'явілася інфармацыя, што маршруткі зніклі толькі на два тыдні, але, здаецца, тэрмін падоўжылі «на нявызначаны тэрмін».
«Гэта вы называеце «туды рэдка ходзяць аўтобусы»?»
Журналіст пад выглядам занепакоенага жыхара аднаго з пасёлкаў, якому стала цяжка дабірацца ва ўніверсітэт, абтэлефанаваў дзяржаўных перавозчыкаў. Але перш чым даведацца ў іх хоць нешта, давялося разабрацца, хто менавіта займаецца перавозкамі ў Гарадзішча.
Спачатку журналісты патэлефанавалі на гарачую лінію «Менсктранса». Замест таго, каб адказаць на пытанне, супрацоўніца спытала, навошта ездзіць на вучобу з Гарадзішча, калі можна зняць інтэрнат. Сапраўды, а чаму не?
Таксама яна паведаміла, што перавозкамі ў пасёлак займаецца іншы перавозчык — «Мінаблпасажыртранс».
Тэлефануем туды.
- Гарадзішча - гэта які раён? - пытаецца супрацоўніца.
- Менскі.
- А, ну гэтым не мы займаемся.
- Мы тэлефанавалі ў «Менсктранс», нам сказалі, што гэтым займаецеся вы.
- Нам ніхто не перадаваў ніякіх дакументаў. Гэта яны адказваюць за Менскі раён. Вам трэба настойлівей туды патэлефанаваць. Але я вам не дапамагу.
- Дзіўна, вядома, што ніхто не можа разабрацца, хто адказвае за Гарадзішча.
Што ж, вяртаемся ў «Менсктранс». Відаць, гэтым разам адказала больш кампетэнтная супрацоўніца: яна пацвердзіла, што перавозкамі займаецца іх арганізацыя.
Акрамя гэтага, яна расказала, што аўтобусаў, якія едуць з Менска ў Гарадзішча, вельмі шмат, і нават крыху здзівілася нашай прэтэнзіі.
- Ну вось глядзіце, 5:38, потым - 07:00, наступны - 07:30, 07:55, 8 раніцы, 08:55, 09:40. Гэта вы называеце «туды рэдка ходзяць аўтобусы»?
Атрымліваецца, што транспарт паміж сталіцай і суседнімі вёскамі ўсё ж ёсць і ходзіць ён часта. Пра гэта гаворыць і расклад у інтэрнэце.
Але адсюль усплывае наступная праблема: дзяржава манапалізавала кірунак і выцесніла ўсіх канкурэнтаў.