Лукашэнка нарываецца на новы дыпламатычны скандал
9- 3.10.2024, 17:41
- 12,946
Дыктатар робіць выгляд, што не пры справах у канфлікце паміж Азербайджанам і Арменіяй.
Лукашэнка 3 кастрычніка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым. Ён назваў прэзідэнта краіны Ільхама Аліева «вельмі блізкім сябрам і братам», паабяцаў «усё зрабіць» для Азербайджана і заявіў, што Менск і Баку «не сябруюць супраць трэціх краін», паведамляе яго прэс-служба.
- Нягледзячы на рознага кшталту перыпетыі на міжнароднай арэне, па нашых стасунках, Беларусі і Азербайджана, вы і мой сябар, мой вельмі блізкі сябар і брат Ільхам Гейдаравіч (Аліеў, прэзідэнт Азербайджана. - Заўв. рэд.) павінны ведаць, што закрытых тэм у стасунках паміж Беларуссю і Азербайджанам няма, - заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да Алі Асадава.
Ён дадаў, што Менск і Баку «не парушаюць ніякія нормы міжнароднага права» і «не сябруюць супраць трэціх краін», а «робяць сваю справу ў імя нашых народаў».
Некалькі месяцаў таму прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян выступіў з рэзкімі заявамі на адрас Беларусі. Напрыклад, ён заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль прэзідэнцкую пасаду там займае Лукашэнка - праз яго заявы ў Азербайджане.
Ён адзначыў, што ў частцы АДКБ пазіцыя афіцыйнага Ерэвана не зменіцца датуль, пакуль Беларусь не выйдзе з АДКБ або не прынясе такія прабачэнні, якія будуць прымальныя для армянскага народа.
Словы, на якія спасылаецца Пашынян, былі сказаныя Аляксандрам Лукашэнкам 17 траўня на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, з іх вынікала, што Лукашэнка быў у курсе планаў Аліева па нападзе на Карабах.
«Я яшчэ падумаў, успомніў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы дашлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу», - цытавалі Лукашэнку азербайджанскія СМІ, у паведамленнях яго прэс-службы гэтых слоў няма.