СМІ: Ізраіль, імаверна, ударыў па расейскай авіябазе ў Сірыі
- 3.10.2024, 18:10
- 9,838
Цэллю магла быць зброя, прызначаная для «Хезбалы»
Ізраіль, магчыма, нанёс удар па расейскай авіябазе Хмеймім, якая знаходзіцца ў Сірыі. Цэллю магла быць зброя, прызначаная для «Хезбалы».
Пра гэта паведамляе Bild.
Выданне нагадвае, што гэтай ноччу каля адзінай расейскай авіябазы ў Сірыі былі моцныя выбухі. Ізраіль мог знішчыць зброю, якую Іран збіраўся даставіць «Хезбале» праз расейскую авіябазу.
Журналісты звярнулі ўвагу, што на фатаграфіях і відэа, якія былі знятыя з найбліжэйшага горада Джэбла, можна заўважыць магутныя выбухі з боку расейскай авіябазы. Яна знаходзіцца за пяць кіламетраў ад горада.
Пасля выбухаў сябры «Хезбалы» і сірыйскія журналісты паведамілі пра атаку Ізраіля на расейскую авіябазу.
«Ізраільскі напад быў накіраваны на склад унутры расейскай базы Хмеймім. Ізраіль разбамбіў базу праз гадзіну пасля прыбыцця на яе іранскага самалёта Qeshm Fars Air», - распавёў журналіст апазіцыйнай сірыйскай тэлекампаніі Syria TV Абдула аль-Муса.
Неназваны турэцкі журналіст распавёў у каментары Bild, што іранскі самалёт прызямліўся на авіябазе а 10 раніцы 2 кастрычніка і паляцеў адтуль блізу 17:00 - за восем гадзін да нападу.
«Прычынай нападаў стаў груз, які ён перавозіў пад выглядам гуманітарнай дапамогі для лібанцаў», - удакладніў суразмоўца выдання.
Таксама журналісты ўдакладняюць, што ёсць і альтэрнатыўная версія — зброя для «Хезбалы» магла быць знішчаная за 700 метраў ад расейскай авіябазы, дзе яе захоўвалі пасля дастаўкі. Пры гэтым Расея, імаверна, спрабавала збіць ракеты, але ў яе нічога не выйшла.