Даляцелі да Масквы: Дроны атакавалі шэраг рэгіёнаў Расеі
5- 30.10.2024, 8:26
- 17,360
У аэрапорце Шарамеццева ўведзены план «Дыван».
Неспакойнай выдалася для расейцаў ноч на 30 кастрычніка. Дроны атакавалі шэраг расейскіх рэгіёнаў.
Сярод іншага, пад ударам апынулася Масква. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ, піша «24 Канал».
Якія рэгіёны Расеі атакавалі дроны
Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз у 02:59 заявіў, што ў небе над рэгіёнам нібыта зафіксавалі 2 БПЛА самалётнага тыпу.
Багамаз адзначыў, што нібыта пацярпелых і разбурэнняў у выніку атакі БпЛА няма.
Ужо ў 03:05 з'явілася інфармацыя, што дроны атакавалі Растоўскую вобласць. Паводле словаў губернатара рэгіёну, сілы СПА нібыта адбілі атаку і знішчылі 4 БПЛА.
У той самы час у 04:05 расейскія СМІ паведамілі пра напад дронаў на Смаленскую вобласць.
Ужо праз некалькі хвілінаў таксама з'явілася інфармацыя, што ў выніку нападу дронаў у аэрапорце Шарамеццева, які з'яўляецца адным з галоўных аэрапортаў Масквы, быў уведзены план «Дыван». Зрэшты, абмежаванні дзейнічалі ўсяго цягам 40 хвілінаў.
Згодна з заявай Мінабароны Расеі, у ноч на 30 кастрычніка нібыта ўдалося знішчыць 23 БПЛА.
«У тым ліку 7 БпЛА знішчана над тэрыторыяй Растоўскай вобласці, 5 – над тэрыторыяй Курскай, 4 – над Смаленскай тэрыторыяй, тры – над Арлоўскай і тры над Бранскай абласцямі і адзін – над тэрыторыяй Белгарадскай вобласці», – гаворыцца ў паведамленні.
Заўважым, што пра збіванне дронаў у Маскоўскай вобласці ва ўстанове не напісалі.