«Гэта стане сапраўдным шокам для паўночнакарэйскіх вайскоўцаў»
4- 30.10.2024, 11:15
- 10,618
Навабранцы з КНДР сутыкнуцца з незвычайным ворагам.
Паўночнакарэйскія салдаты ўпершыню сутыкнуцца з гневам беспілотных лётных апаратаў-камікадзэ падчас вайны ва Украіне, піша EurAsian Times.
Расейскія салдаты ўжо добра распазнаюць гук ротараў дронаў, які часта сведчыць пра небяспеку атакі. Але для паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, нядаўна адпраўленых на фронт, сустрэча з украінскімі дронамі можа стаць сапраўдным шокам.
Намер Паўночнай Карэі даць сваім салдатам баявы досвед можа павярнуцца значнымі стратамі. Патрапіўшы на ўкраінска-расейскі фронт, навабранцы з КНДР сутыкнуцца з ударнымі і выведнымі дронамі ўкраінскіх сілаў, да якіх нават расейскія падраздзяленні прывыкалі паступова.
Сімвалічна, што некалі Савецкі Саюз прапанаваў падтрымку Паўночнай Карэі ў Карэйскай вайне, забяспечваючы яе зброяй і тэхнікай. Цяпер, праз 70 гадоў, сітуацыя змянілася.
З кастрычніка ў Расею прыбылі блізу 3000 паўночнакарэйскіх салдатаў. Чакаецца, што знаходжанне на перадавой стане для іх магчымасцю выпрабаваць новую тэхніку і атрымаць неацэнны баявы досвед. Паводле інфармацыі генерал-маёра Мандыпа Сінгха, накіраванне паўночнакарэйскіх войскаў у Расею з'яўляецца часткай пагаднення, заключанага паміж лідарамі абедзвюх краінаў у чэрвені 2024 года.
Варта разумець, што КНДР да гэтага часу выкарыстоўвае састарэлае ўзбраенне, пераважна савецкай вытворчасці, і мае мінімальны досвед у звычайных узброеных канфліктах. Большая частка з 1,3 мільёна вайскоўцаў сканцэнтраваная на ахове мяжы з Паўднёвай Карэяй, і гэтыя сілы маюць абмежаваную падрыхтоўку да баявых дзеянняў у складзе іншых войскаў.
Верагодней за ўсё, паўночнакарэйскія падраздзяленні будуць выкарыстаныя для аховы тылавых аб'ектаў, замяняючы расейскія падраздзяленні на памежных пазіцыях. Гэта дазволіць Расеі перакінуць больш сваіх вайскоўцаў на перадавую, што становіцца асабліва актуальным на фоне падтрымкі NATO ўкраінскіх сілаў.