FT: Украіна і Расея пачалі таемныя перамовы
10- 30.10.2024, 11:26
- 5,576
Пра спыненне ўдараў па аб'ектах энэргетыкі.
Амерыканскае выданне The Financial Times паведаміла, што Украіна і Расея пачалі непублічныя перамовы пра спыненне ўзаемных удараў па аб'ектах энэргетыкі. У той самы час часткай умоваў можа быць вывад украінскіх войскаў з Курскай вобласці РФ.
На думку крыніцаў выдання, Уладзімір Пуцін наўрад ці пагодзіцца на ўгоду, пакуль украінскія войскі застаюцца на расейскай тэрыторыі ў Курскай вобласці. У сваю чаргу Кіеў імкнецца аднавіць перамовы пры пасярэдніцтве Катара, якія былі блізкія да дасягнення пагаднення ў жніўні.
The Financial Times паведаміла, што аперацыя УСУ пад кодавай назвай «Курск» вымусіла Маскву адмовіцца ад удзелу ў папярэднім раўндзе перамоваў у жніўні. Хоць тады бакі нават пачалі планаваць асабістую сустрэчу ў горадзе Доха.
Дыпламатычная ўгода была сарваная паспяховай і нечаканай атакай украінцаў на Курскую вобласць. «Вельмі папярэднія размовы пра магчымае аднаўленне перамоваў вядуцца. Цяпер ідуць перамовы пра энэргетычныя аб'екты», – расказаў дыпламат, інфармаваны пра перамовы.
Паводле словаў украінскага чыноўніка, у апошнія тыдні Масква і Кіеў ужо скарацілі частату нападаў на энэргетычную інфраструктуру адно аднаго ў рамках дамоўленасці, дасягнутай іх спецслужбамі. Тым часам Украіна плануе прадаўжаць наносіць удары па аб'ектах у Расеі, у тым ліку нафтаперапрацоўчых заводаў, каб чыніць ціск у ходзе перамоваў.
Паводле звестак The Financial Times, гэта не першы раз, калі Расея і Украіна дамаўляліся пра спыненне або скарачэнні колькасці ўдараў. Чатыры ўкраінскія чыноўнікі паведамілі выданню, што мінулай восенню Кіеў і Масква дасягнулі непублічнай дамовы не наносіць удары па энэргетычных аб'ектах адно аднаго. У выніку Расея той зімой устрымалася ад буйнамаштабных атак на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру.
Аднак ужо ў лютым узаемныя ўдары аднавіліся. Паводле звестак The Financial Times, у рамках украінскай ваеннай аперацыі, якая пачалася ў пачатку 2024 года, былі пашкоджаныя сама менш дзевяць з 32 найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расеі.