Politico: Некаторыя ў ЕЗ мяркуюць, што перамога Трампа станоўча паўплывае на NATO
10- 30.10.2024, 14:22
- 2,624
Спрацуе эфект «карыснага шоку».
Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі мяркуюць, што перамога Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША можа стаць тым, што трэба ЕЗ для ўмацавання абароны і барацьбы з Кітаем, паведамляе Politico са спасылкай на крыніцы.
«Вяртанне Трампа было б карысным шокам, які дазволіць ЕЗ рухацца наперад, як пандэмія (COVID-19 - рэд.) або энэргетычны крызіс праз вайну ва Украіне», - сказаў неназваны высокапастаўлены дыпламат ЕЗ.
Адзначаецца, што гэтае меркаванне, якое ананімна выказалі і іншыя дыпламаты і чыноўнікі ЕЗ, не звязанае з прыхільнасцю да кандыдата ад Рэспубліканскай партыі ці яго палітычных ідэй.
Politico піша, што другі тэрмін Трампа можа стаць «горкімі лекамі», неабходнымі ЕЗ для пераадолення рознагалоссяў і прасоўвання наперад як адзінага блока.
Чыноўнікі ЕЗ мяркуюць, што Трамп будзе настолькі варожым у стаўленні да Еўропы, што блок не будзе мець іншага выбару, акрамя як павялічыць выдаткі на абарону, умацаваць свой тэхналагічны сектар, а таксама ўдакладніць сваю палітыку ў дачыненні да Кітая.
Паводле інфармацыі выдання, найбольш відавочнай сферай, дзе прэзідэнцтва Трампа можа паскорыць змены ў Еўропе, з'яўляецца вайна Расеі супраць Украіны.
Калі рэспубліканец вернецца ў Белы дом, яго адміністрацыя можа ўзмацніць ціск на Еўропу ў пытанні «размеркавання цяжару» да ўзроўню, нябачанага з часоў заснавання NATO ў 1949 годзе.
«Трамп дапамагае павысіць дасведчанасць аб фінансаванні абароны, але нам патрэбен сапраўдны шокавы эфект, каб змяніць гэтую дыскусію. Пагадненне па мірным плане для Украіны цалкам перавярнула б яе», - дадаў адзін з чыноўнікаў.