Дэмакраты абышлі рэспубліканцаў на датэрміновым галасаванні ў ЗША
22- 30.10.2024, 19:09
- 12,900
Датэрмінова прагаласавалі ўжо больш за 50 мільёнаў амерыканцаў.
Больш за 50 млн амерыканцаў датэрмінова прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах ЗША, паведамляе партал Axios са спасылкай на звесткі датэрміновага галасавання Універсітэта Флорыды.
З датэрмінова прагаласавалых блізу 39% зарэгістраваныя як дэмакраты, рэспубліканцаў – блізу 36%.
Як адзначае партал, часцей за ўсё галасуюць датэрмінова людзі старэйшыя за 65 гадоў. Іх дзель ад агульнай колькасці тых, хто ўдзельнічаў у датэрміновым галасаванні, склала 41 адсотак.
Найбольшая колькасць датэрміновых галасоў зарэгістраваная ў штатах Тэхас, Флорыда і Каліфорнія. У 18 штатах іх колькасць перавысіла 1 млн у кожным.
Паводле звестак Axios, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года агульная колькасць датэрмінова прагаласавалых, асабіста або праз пошту, склала блізу 100 млн чалавек.
Раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн датэрмінова прагаласаваў на выбарах кіраўніка дзяржавы на ўчастку ў Нью-Касле, штат Дэлавэр. Ён прастаяў у чарзе з іншымі выбарнікамі амаль 40 хвілінаў.
Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 5 лістапада 2024 года. Першапачаткова Байдэн вылучыў сваю кандыдатуру на другі тэрмін, аднак у канцы ліпеня пастанавіў выйсці з гонкі і падтрымаў віцэ-прэзідэнтку Камалу Гарыс.
Паводле асераднёных звестак апытанняў выбарнікаў на 29 кастрычніка, Гарыс гатовыя падтрымаць на выбарах 48,1% амерыканцаў. За яе спаборніка, былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, збіраюцца прагаласаваць 46,7% апытаных.