У Брытаніі на верфі, дзе будуюцца атамныя падводныя лодкі, успыхнуў пажар
5- 30.10.2024, 20:56
- 3,452
Лондан не выключае тэракт.
У Брытаніі на верфі BAE Systems у Бароў-ін-Фернэс успыхнуў моцны пажар у сераду, 30 кастрычніка. Супрацоўнікі былі эвакуяваныя, а два чалавекі дастаўленыя ў лякарню, паведамляе BBC.
Нягледзячы на тое, што паліцыя заявіла, што «ядзернай небяспекі няма», жыхарам найбліжэйшых дамоў праз моцны дым парэкамендавалі зачыніць вокны, вентыляцыйныя люкі і любыя адтуліны ў дамах, а таксама ўключыць вентылятары і кандыцыянеры. Кіроўцам загадалі не ездзіць з адчыненымі вокнамі.
Цяпер праводзіцца расследаванне здарэння. Міністэрства абароны заявіла, што працуе ў цесным кантакце з паліцыяй і аварыйнымі службамі. Вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты здарэння, у тым ліку накіраваны напад.
Мясцовыя жыхары – відавочцы, якія жывуць насупраць будынка «Дэваншыр Док Хол» расказалі, што чулі гукі, падобныя на феерверк і бачылі яркія выбліскі ў тым месцы, дзе быў пажар.
Працоўныя, якія прыйшлі раніцай на змену, былі збянтэжаныя, не ведаючы, ці можна заходзіць у будынак. Усіх супрацоўнікаў, чыя праца не з'яўляецца дзейнасцю першай неабходнасці, накіравалі працаваць з дому, астатнім дазволілі працаваць у звычайным рэжыме.
Зала, у якой адбыўся пажар, з'яўляецца другім у велічыні крытым караблебудаўнічым комплексам такога кшталту ў Еўропе. Сярод пабудаваных у гэтым цэху караблёў – чатыры падводныя лодкі класу Vanguard, якія ўваходзяць у ядзерную праграму Вялікай Брытаніі Trident.
У наш час на пляцоўцы будуюцца чатыры новыя атамныя падводныя лодкі класу Dreadnought, якія павінны прыйсці на змену Vanguard у пачатку 2030-х гадоў. Апошняя з сямі новых атамных падводных лодак Каралеўскага флоту, якая адносіцца да класу Astute, таксама будуецца на гэтай пляцоўцы.