На мяжы з Беларуссю прайшла сустрэча кіраўнікоў МУС Польшчы і Нямеччыны
- 31.10.2024, 10:43
- 1,874
Закранулі тэму неабходнасці рэформы еўрапейскай сістэмы міграцыі.
Польшча робіць усё, каб мяжа з Беларуссю была бяспечнай і каб у ЕЗ не дайшло да вяртання ўнутраных межаў, - заявіў кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семаняк.
Польшча робіць усё, каб яе мяжа з Беларуссю была бяспечнай і каб у Еўрапейскім Звязе не дайшло да вяртання ўнутраных межаў. Як паведамляе «Польскае радыё», пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Польшчы Томаш Семаняк на супольнай канферэнцыі з кіраўніком МУС Нямеччыны.
Раней палітыкі азнаёміліся з захадамі бяспекі на польскім баку мяжы. Міністр Семаняк заявіў, што Польшча не пашкадуе сродкаў для гарантавання бяспекі мяжы з Беларуссю.
«Мы знаходзімся на адрэзку мадэрнізаванай загароды, прайсці праз яе не так проста, як на тых адцінках, якія яшчэ не мадэрнізаваныя. Мы робім усё, каб зрабіць мяжу герметычнай і бяспечнай, каб у ЕЗ не вярнуліся ўнутраныя межы. Мы вельмі спадзяемся, што кантроль, уведзены ўрадам Нямеччыны на сухаземнай мяжы з рознымі краінамі, апынецца часовым», - сказаў кіраўнік польскага МУС.
Кіраўніца Міністэрства ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фезер, у сваю чаргу, запэўніла, што захады кантролю на нямецкіх межах маюць часовы характар.
«Памежны кантроль, які мы ўвялі 15 верасня, будзе скасаваны, але толькі тады, калі колькасць людзей, якія незаконна ўязджаюць у Нямеччыну, зменшыцца. Як толькі гэта стане магчымым, кантроль будзе скасаваны, гэта часовыя пастановы», - сказала Нэнсі Фезер.
Падчас сустрэчы на граніцы з Беларуссю кіраўнікі МУС Польшчы і Нямеччыны абмеркавалі, сярод іншага, супрацоўніцтва паміж польскімі і нямецкімі службамі і прыярытэты польскага старшынства ў Радзе ЕЗ. Яны таксама закранулі тэму неабходнасці рэформы еўрапейскай сістэмы міграцыі і надання прытулку і абмяняліся інфармацыяй аб знаходжанні ваенных бежанцаў з Украіны і неабходнай падтрымцы Еўразвязам тых краін, якія прынялі найбольшую іх колькасць.