У Менску зноў затрымалі Ніну Багінскую
6- 31.10.2024, 12:50
- 6,450
Актывістка завязвала стужачку ля Чырвонага касцёла.
Вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую затрымалі ўвечары 30 кастрычніка на плошчы Незалежнасці ў Менску. Пра гэта стала вядома тэлеканалу «Белсат» ад уласных крыніц.
Паводле звестак канала, затрыманне адбылося ў той момант, калі Багінская завязвала бел-чырвона-белую стужачку на дрэве каля закрытага Чырвонага касцёла ў Менску.
Паведамляецца, што ў Маскоўскім РУУС на 77-гадовую Багінскую склалі адміністрацыйны пратакол. Міліцыянты пратрымалі жанчыну ва ўправе больш за дзве гадзіны і адпусцілі да суда дадому.
Нагадаем, 30 кастрычніка «Белсат» паведамляў, што 19 кастрычніка ў Менску на вуліцы Казлова Ніна Багінская ішла з плакатам, на якім было напісана «БНФ». Менавіта ў гэты дзень 36 год таму быў створаны аргкамітэт арганізацыі.
Тады актывістку таксама затрымалі і адвезлі ў пастарунак, дзе завялі рукі за спіну і надзелі кайданкі. Яе пратрымалі тры гадзіны і адпусцілі да суда.