У Бабруйску прадаюць фрагмент цытадэлі
2- 31.10.2024, 14:36
- 1,512
Стартавая цана лота складае ўсяго 40 рублёў.
На аўкцыённай пляцоўцы GosTorg з'явілася аб'ява аб продажы фрагмента знакамітай бабруйскай цытадэлі. Стаць яе ўладальнікам можна ўсяго за 40 рублёў, піша Blizko.by.
Лот называецца «Склад з фрагментам цаглянага муру вал» і знаходзіцца па адрасе: г. Бабруйск, вул. Крапасны Вал, 27.
Двухпавярховы корпус пабудаваны ў 1820 годзе. Прызначэнне зямельнага надзела - для размяшчэння аб'ектаў аптовага гандлю, матэрыяльна-тэхнічнага і харчовага забеспячэння, нарыхтовак і збыту прадукцыі. Пры гэтым аб'ект нерухомасці знаходзіцца ў зоне рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Бабруйская цытадэль».
Тут можна размяшчаць рэстарацыі, кавярні, гандлёвыя аб'екты, клубы па спартыўных інтарэсах, трэнажорныя і спартыўныя залы.
Абавязковая ўмова продажу: выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб'екце нерухомасці цягам не больш чым трох гадоў з даты падпісання дамовы куплі-продажу.
Стартавая цана лота складае ўсяго 40 рублёў. Пры гэтым абавязковая першая стаўка павінна быць з крокам 5% ад пачатковага кошту лота. Гэта значыць, пакупнік зможа выкупіць цытадэль мінімум за 42 рублі.
Акрамя гэтага, ён павінен будзе выплаціць у бюджэт г. Бабруйска выдаткі на наданне паслуг па вызначэнні рынкавага кошту капітальнай пабудовы ў суме 828 рублёў 32 капеек. Нарэшце, давядзецца выплаціць і выдаткі на арганізацыю і правядзенне таргоў – яшчэ прыблізна 90 рублёў. Такім чынам, усяго пакупнік павінен будзе выкласці мінімум 960 рублёў, ці 289 даляраў актуальным курсам.
Аўкцыён адбудзецца 19 лістапада аб 11:45.