У Фінляндыі будуць судзіць расейскага вайсковага злачынцу
5- 31.10.2024, 16:32
- 4,490
Ён – адзін з камандзіраў фашысцкай групы «Русіч».
Пракуратура Фінляндыі абвясціла афіцыйныя абвінавачанні расейцу Ваіславу Тордэну ў ваенных злачынствах, учыненых, як сцвярджаецца, ва Украіне ў 2014–2015 гадах. Пра гэта паведамляе фінскі грамадскі вяшчальнік Yle.
Тордэн, раней вядомы як Ян Пятроўскі, у мінулым быў адным з камандзіраў фашысцкай групы «Русіч», удзельнікі якой бралі ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне на баку тэрарыстаў, якія падтрымліваюцца Расеяй, а потым расейскага войска.
Тордэн цяпер знаходзіцца пад вартай у Фінляндыі, ягонай экстрадыцыі дамагалася Украіна, аднак Вярхоўны суд Фінляндыі раней адмовіў у запыце Кіева на экстрадыцыю.
Як пазначана ў паведамленні фінскай установы, намеснік генеральнага пракурора Юка Рапе прад'явіў Тордэну абвінавачанні ва ўчыненні ваеннага злачынства пры абцяжвальных абставінах і яшчэ чатырох ваенных злачынстваў.