Столтэнбэрг прызнаўся, пра што больш за ўсё шкадуе, як былы генеральны сакратар NATO
20- 4.10.2024, 18:49
- 10,990
Ён узначальваў NATO ў 2014-2024 гадах.
Захад павінен быў забяспечыць Украіну вялікай колькасцю зброі перад расейскім уварваннем і пагатоў, калі расейцы ўжо пачалі напад. Такое меркаванне выказаў былы генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у інтэрв'ю Financial Times (пераклад - «Уніян»).
З яго слоў, з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну яму даводзілася адначасова працаваць па трох кірунках: падтрымліваць дапамогу Украіне, інфармаваць заходнюю грамадскасць аб пагрозе з боку Уладзіміра Пуціна і пазбягаць ядзернай вайны NATO супраць Расеі. Апошняе відавочна замінала першым дзвюм задачам, піша FT.
- Калі ёсць нешта, пра што я ў пэўным сэнсе шкадую і бачу значна выразней, дык гэта тое, што мы павінны былі даць Украіне значна больш вайсковай падтрымкі значна раней. Я думаю, мы ўсе павінны прызнаць, што мы павінны былі даць ім больш зброі перад уварваннем. І мы павінны былі даць ім больш дасканалую зброю, хутчэй, пасля ўварвання. Я прызнаю сваю частку адказнасці, - прызнаўся Столтэнбэрг.
З яго слоў, адпраўка смяротнай зброі ва Украіну была прадметам напружанай дыскусіі. Большасць сяброў NATO былі супраць перадачы Украіне такой зброі перад уварваннем праз тое, што «вельмі баяліся наступстваў», распавёў Столтэнбэрг.
- Я ганаруся тым, што мы зрабілі, але гэта было б вялікай перавагай, калі б яно пачалося раней. Магчыма, гэта магло нават прадухіліць уварванне ці, прынамсі, значна ўскладніла [Расеі] рабіць тое, што яны зрабілі, - кажа былы генеральны сакратар NATO.