Будуць рабаваць: Лукашысты хочуць адабраць завод ва ўзорнага інвестара
6- 5.10.2024, 11:30
- 10,852
Замест проста стратаў улады выбралі і ганьбу, і страты.
Кампанія «Штадлер» не атрымлівала ад беларускіх уладаў апавяшчэнняў, што беларускія ўлады збіраюцца развіваць супольную з Расеяй вытворчасць на заводзе «Штадлер» у Беларусі. Кампанія «Штадлер» кажа, што завод «Штадлер Мінск», які знаходзіцца ў Фаніпалі, з'яўляецца яе стаадсоткавай уласнасцю. І кампанія не збіраецца гэты завод прадаваць.
Пра тое, што беларускія ўлады, здаецца, нацэліліся адабраць завод ва ўзорнага інвестара, піша «Беларусы і рынак».
Два тыдні таму беларускі міністр транспарту Аляксей Ляхновіч расказаў, што беларускія ўлады абмяркоўваюць з дзвюма расейскімі кампаніямі, як ім аднавіць вытворчасць на заводзе «Штадлер». Пра тое, як беларускія ўлады збіраюцца распарадзіцца яе ўласнасцю, кампанія даведалася з паведамленняў СМІ.
Завод «Штадлер» быў для беларускіх уладаў прадметам асаблівага гонару і прыкладам канструктыўнага супрацоўніцтва з заходнімі інвестарамі. У стварэнне прадпрыемства кампанія ўклала блізу 90 млн еўраў, беларускі завод быў другім у велічыні сярод філіялаў «Штадлер».
За год на беларускім заводзе выраблялі да 500 чыгуначных вагонаў. Не толькі для Беларусі, і нават не толькі для краінаў былога Савецкага Саюзу. Вагоны менскага завода «Штадлер» пастаўлялі ў Нарвегію і Вугоршчыну. Ну, гэта значыць, проста такі ўзорна-паказальны інвестыцыйны праект. Можна сказаць, тры ў адным. Вытворчасць, інвестыцыі, інавацыі.
«Яно даўно ўжо вядомае, вашае прадпрыемства, усяму свету. Але тое, што на гэтай мапе з'явілася Беларусь, з вытворчасцю чыгуначнага транспарту, электрычнага транспарту, гэта, вядома, сур'ёзна ўзнімае імідж Беларусі», – сказаў тры гады таму Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Менск дэлегацыі швэйцарскай кампаніі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне інвестары пачалі сыходзіць, а некаторыя нават уцякаць з Беларусі. Толькі за мінулы год наша краіна страціла восемдзесят буйных заходніх кампаній. Такіх як «Нокіа», «Бат», «Вольва», «Сіменс».
Але «Штадлер» быў сярод тых кампаній, якія не толькі не сышлі, але нават не збіраліся гэтага рабіць.
Так, кампанія сапраўды паменшыла аб'ёмы выпуску, скараціла штат, перавяла частку вытворчасці і частку працаўнікоў у іншыя краіны. Але пры гэтым некалькі разоў цвёрда заяўляла, што збіраецца захаваць беларускі завод у стане падвышанай гатоўнасці. Каб запусціць вытворчасць на поўную моц, як толькі заходнія санкцыі скасуюць.
Ну і, здавалася б, за такую вернасць можна было б неяк узнагародзіць. Паказаць іншым інвестарам, што беларускія ўлады добра памятаюць. І паважаюць гарантыі недатыкальнасці замежных інвестыцый, якія яны ж самі і раздавалі.
Але ўтрымацца ад таго, каб не забіраць чужое, цяжка. Асабліва калі гэтае чужое дрэнна ляжыць у межах крокавай даступнасці.
Тым больш што за апошнія чатыры гады беларускія ўлады так папрацавалі над сваім іміджам, што іміджу ўжо няма чаго страчваць. І дзіўна не тое, што заходнія кампаніі сыходзяць з Беларусі. Дзіўна, як шмат кампаній з усіх сілаў спрабуюць застацца.
За мінулы год прамыя інвестыцыі з краінаў, якія беларускія ўлады афіцыйна прызналі несяброўскімі, выраслі на паўмільярда даляраў. Несяброўская Аўстрыя інвеставала ў Беларусь 900 млн даляраў. Яшчэ менш сяброўская Польшча – 185 млн.
Каб не асацыявацца з Беларуссю і не псаваць сабе імідж, некаторыя кампаніі мяняюць назвы. Іншыя, не такія сарамлівыя, абыходзяцца і без гэтага.
І ўсё роўна, як паказвае гісторыя з тым жа «Штадлерам», чый бізнэс беларускія ўлады не саромеючыся збіраюцца адціснуць, гэта не дапамагае. Таму што калі замест стратаў вы выбіраеце ганьбу, то ўрэшце атрымаеце і ганьбу, і страты.
Як здарылася з нямецкай кампаніяй «Карл Цэйс». Нядаўна стала вядома, што кампанія выходзіць з капіталу супольнага прадпрыемства «ЦэйсОМА». Пастанова была прынятая пасля таго, як у чэрвені Еўразвяз увёў санкцыі супраць аб'яднання «БелОМА», якое, уласна, і было партнёрам нямецкай кампаніі.