Брытанская выведка раскрыла, куды будуць наступаць расейцы пасля Вуглядара
- 5.10.2024, 12:48
- 5,110
Два галоўныя кірункі паказалі на мапе.
Пасля захопу горада Вуглядар у Данецкай вобласці расейскія акупанты, верагодна, прадоўжаць наступ. Пад пагрозай могуць быць сяло Багаяўленка і буйны пасёлак Вялікая Навасёлка.
Пра гэта паведамляе брытанская выведка ў сацыяльнай сетцы X.
Паведамляецца, што 1 кастрычніка расейскія войскі ўзялі пад кантроль горад Вуглядар на скрыжаванні двух ключавых франтоў – Запарожскага і Данецкага. Захоп адбыўся неўзабаве пасля таго, як акупанты аднавілі наступальную кампанію ў верасні. Да канца месяца войскі амаль атачылі Вуглядар і прымусілі Сілы абароны Украіны адступіць.
Расея рабіла спарадычныя спробы захапіць Вуглядар цягам апошніх двух гадоў, несучы пры гэтым вялікія страты. Горад размешчаны на ўзвышшы, што рабіла яго добрай пазіцыяй з гледзішча абароны.
«Верагодна, расейскія войскі паспрабуюць прадоўжыць наступ у найбліжэйшыя тыдні. На захадзе адной з верагодных цэляў з'яўляецца Вялікая Навасёлка ў бок Запарожжа па шашы T0509. За 8 км на поўнач знаходзіцца Багаяўленка», – адзначылі ў брытанскай выведцы.