5 кастрычнiка 2024, Субота, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн пра выбары прэзідэнта ЗША: Не ведаю, ці будуць яны мірнымі

7
Байдэн пра выбары прэзідэнта ЗША: Не ведаю, ці будуць яны мірнымі

Палітык пракаментаваў нядаўнія заявы Трампа і Вэнса.

Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн не ўпэўнены, што выбары ў ЗША 5 лістапада пройдуць мірна.

Пра гэта паведамляе ABC News.

Сярод іншага, ён, спаслаўшыся на нядаўнія каментары Дональда Трампа і Джэй Ды Вэнса, выказаў занепакоенасць.

«Я ўпэўнены, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. Я не ведаю, ці будуць яны мірнымі», – сказаў Байдэн.

Паводле ягоных словаў, мінулым разам вынік не спадабаўся Трампу і гэта прывяло да спробы ўзяць Капітолій штурмам. Ягоны кандыдат у віцэ-прэзідэнты Вэнс таксама не сказаў, што прыме вынік выбараў-2024.

«Таму я занепакоены тым, што яны збіраюцца рабіць», – дадаў Байдэн.

Пра што казаў Вэнс

На гэтым тыдні на дэбатах з апанентам ад дэмакратаў Вэнсу прыгадалі ягоныя каментары, што калі б ён быў віцэ-прэзідэнтам у пачатку 2021 года, то не зацвердзіў бы вынікі выбараў, а папрасіў бы штаты накіраваць альтэрнатыўныя спісы выбарнікаў.

Мадэратары CBS спыталі, ці будзе ён таксама аспрэчваць выбары-2024 года, калі ўсе губернатары падпішуць вынікі.

«Паслухайце, прэзідэнт Трамп сказаў, што ў 2020 годзе былі праблемы, і я мяркую, што мы павінны змагацца ў гэтых пытаннях, абмяркоўваць іх мірна на плошчы», – адказаў ён.

Гэта прывяло да слоўнай сутычкі з Цімам Уолцам, кандыдатам у віцэ-прэзідэнты ад дэмакратаў, які наўпрост спытаў, ці думае Вэнс, што Трамп пацярпеў паразу на выбарах.

«Цім, я засяроджаны на будучыні», – унікліва адказаў ён.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках